Затрыманым супрацоўнікам «Тут бай мэдыя» працягнулі тэрмін утрымання ў СІЗА



Затрыманым чатыры месяцы таму супрацоўнікам «Тут бай мэдыя» і асобам, звязаным з кампаніяй, працягнулі тэрмін утрымання ў СІЗА яшчэ на 2 месяцы. Агулам у «справе Tut.by» 15 фігурантаў: Марына Золатава, Людміла Чэкіна, Вольга Лойка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Ірына Рыбалка, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандар Дайнэка, Андрэй Аўдзееў, Сяргей Павалішаў, Дар’я Данілава, Кацярына Ткачэнка, Ірына Касцючэнка, Юлія Чарняўская. Усіх іх беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі.

1 верасня змянілі меру стрымання і выпусцілі з СІЗА гендырэктара Hoster.by Сяргея Павалішава. Пад хатнім арыштам знаходзяцца Юлія Чарняўская, Ірына Касцючэнка і Кацярына Ткачэнка. Астатнія адзінаццаць чалавек застаюцца ў СІЗА. Сайт Tut.by заблякаваны рашэннем Мінінфармацыі. 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менска прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.