Польшча вырашыла не прымаць прашэнні аб прытулку для парушальнікаў мяжы



Польшча вырашыла не прымаць прашэнні аб прытулку для парушальнікаў мяжы і забароніць ім уезд у Шэнгенскую зону. За такія папраўкі ў закон прагаласавала большасць дэпутатаў Сейму. Такім чынам, затрыманы за незаконнае перасячэнне беларуска-польскай мяжы іншаземец не зможа падаць прашэнне аб прытулку (выключэнне толькі для тых, каму пагражае пераслед менавіта ў Беларусі), будзе абавязаны пакінуць тэрыторыю Польшчы, атрымае часовую забарону на ўезд у краіны Шэнгенскага пагаднення.

Тым, хто разбурае інфраструктуру на мяжы (платы, загароды, шлагбаумы), будзе пагражаць да 5 гадоў зняволення. Згодна са статыстыкай памежнікаў, толькі ў жніўні трапіць у Польшчу з Беларусі ў абыход пунктаў пропуску спрабавалі 1935 мігрантаў. 760 з іх затрымалі, астатніх развярнулі. Прэмʼер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што «ў Беларусі больш за 10 тысяч, а можа і больш асобаў, якія перамешчаныя з Блізкага Усходу, пераважна — з Іраку, а таксама з Сірыі, каб праводзіць гібрыдную атаку».