Журналістка «Нашай Нiвы» правяла на Акрэсціна 30 сутак
Журналістка «Нашай Нiвы» Кацярына Карпіцкая 30 сутак правяла ў ізалятары на Акрэсціна. Пра гэта яна сама распавяла ў фэйсбуку.
Карпіцкую затрымалі 14 жніўня на выхадзе з падземнага пераходу на станцыі метро „Пушкінская” і судзілі за несанкцыянаваны пікет. У фэйсбуку журналістка патлумачыла, што «ў мэтах дадатковай бяспекі гэты факт спецыяльна нідзе не афішаваўся». Яна выйшла на волю 13 верасня.
«Сітуацыя ў тым, што, можна сказаць, сама сябе падставіла, таму што напярэдадні здымала на”Пушкінскай” з сяброўкай дыпломнае відэа. Купіла там у пераходзе хрызантэму, не паспела з яго выйсці як затрымалі», – распавяла Кацярына Карпіцкая «Медиазоне».
«30 сутак там у сённяшніх умовах хапіла, каб выйсці з букетам новых хвароб», – напісала Карпіцкая ў фэйсбуку.
Па словах журналісткі, людзі ў ізалятары сядзяць у антысанітарыі: «Іх ніколі не водзяць у душ і не выдаюць нават шчоткі з асабістых рэчаў. Туалетную паперу часам даводзілася выбіваць па сантыметры».
Арыштаваных і затрыманых на Акрэсціна не вадзілі на прагулкі, не выдавалі ім матрацы, па начах супрацоўнікі будзілі на пераклічкі, напісала Карпіцкая.
Журналістка дадала, што ёй «яшчэ ёсць што ўзгадаць», але больш падрабязна яна апіша „катаванні і прамыя злачынствы ў дачыненні да беларусаў» у скаргах у дзяржаўныя органы».
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: facebook.com/katya.karpickaya