Агляд прэсы: новыя стаўкі



Новы інтэграцыйны пакт „зацэментаваў” Расею ў Беларусі. Расея і Кітай: ворагі ЗША аб’ядноўваюцца? Ці перашкодзіць дэфіцыт медзі пераходу на аднаўляльныя крыніцы энергіі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Амерыканскае выданне Stratfor Worldview вынесла вердыкт апублікаванаму інтэграцыйнаму пагадненню паміж Расеяй і Беларуссю: «Гэта дакумент стварае шырокія рамкі для ўстойлівага размывання суверэнітэту Беларусі у бліжэйшыя гады. На першы погляд расплывісты тэкст супрацоўніцтва накіраваны на замацаванне расейскага ўплыву ў Беларусі шляхам бюракратычнай ўніфікацыі і збліжэння макраэканамічнай палітыкі. Выглядае на тое, што абедзве краіны аб’яднаюць свае палітычныя сістэмы, заканадаўства і нарматыўныя акты ў шматлікіх сектарах, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці і грашова-крэдытных адносінах».

Амерыканскае выданне падкрэслівае, што пагадненне не мае канкрэтыкі і толькі коратка тлумачыць мэты кожнай інтэграцыйнай праграмы, выкарыстоўваючы шырокія нявызначаныя тэрміны, такія як «адзіны рынак», «агульная палітыка» і «гарманізацыя».

«Дадатковыя тэхнічныя падрабязнасці, якія пашыраюць або ўдакладняюць агульную мову ў пагадненні, наўрад ці стануць даступнымі да афіцыйнага падпісання пагаднення 4 лістапада. Аднак відавочна, што галоўная мэта Масквы – прадухіліць паўтарэнне разрыву сувязяў ва Украіне ў 2014 годзе. Крамлю неабходна было працягваць ціск на Менск, каб ён дзейнічаў у інтарэсах Масквы і быў залежны ад яе эканамічна», – падсумоўвае Stratfor Worldview.

***

«Расейска-кітайскія сувязі прыкметна адужэлі. Магчыма, Расея і Кітай імкнуцца стварыць ваенны саюз. Яны будуць і далей ўмацоўвацца, пакуль агульныя інтарэсы пераважваюць над спрэчнымі пытаннямі», – дзеліцца назіраннямі амерыканскі часопіс The National Interest.

Выданне адзначае, што месяц з лішнім назад Расея і Кітай завяршылі пяцідзённыя двухбаковыя ваенныя вучэнні «Захад / Узаемадзеянне-2021», якія праходзілі на паўночным захадзе КНР. Да ўдзелу ў манеўрах было прыцягнута прыкладна 10 000 вайскоўцаў, а таксама абарончыя сістэмы, артылерыя, бронемашыны і баявыя самалёты.

«Падчас манеўраў адбылося дэбютнае выступленне кітайскага знішчальніка пятага пакалення J-20. Заяўленай тэмай вучэнняў стала сумесная абарона міру і бяспекі ў Цэнтральнай Азіі. Гэта была вельмі празорліва з улікам таго, што ўсяго праз некалькі дзён цалкам рухнуў афганскі ўрад», – піша The National Interest.

«Кітай не хоча ўмешвацца ва ўкраінскія справы, а Расея – у гісторыю з Тайванем. Расея і Кітай збліжаюцца з-за падабенства пазіцый. У абедзвюх краін вельмі напружаныя адносіны са Злучанымі Штатамі, але яны не стануць выкарыстоўваць яго ў шкоду сваім жыццёва важным нацыянальным інтарэсам. А гэта дае Захаду спрыяльныя магчымасці», – акцэнтуе ўвагу амерыканскае выданне.

****

Часопіс Forbes папярэджвае: «З-за пандэміі каронавірусу прамысловасць сутыкнулася з небывалым дэфіцытам сыравіны. Металы, неабходныя для вытворчасці экалагічна чыстай энергіі, даражэюць з кожным днём і ставяць пад пытанне рэнтабельнасць галіны. Кошт сырой нафты, драўніны і шэрагу важных металаў тыпу медзі і алюмінія дасягнула шматгадовага максімуму, што аказала адмоўнае ўздзеянне на шырокае кола сектараў, якія залежаць ад гэтых відаў сыравіны. Так павышэнне коштаў на медзь скарачае каэфіцыент даходнасці аднаўляльных крыніц энергіі».

Выданне падкрэслівае, што медзь, адзін з лепшых праваднікоў электрычнасці, шырока выкарыстоўваецца ў вытворчасці электрамабіляў, ветрагенератараў і сонечных батарэй. Асабліва шмат медзі трэба для марскіх ветраэлектрастанцый: 9,6 метрычных тон гэтага металу.

«Рынак медзі будзе адчуваць усё большы ціск, так як, паводле прагнозаў спецыялістаў, тэхналогіі выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі будуць дэманстраваць хуткі рост на працягу наступных трох дзесяцігоддзяў, што акажа немалае ўздзеянне і на інвестараў, якія ўкладваюць сродкі ў адпаведны сектар. Больш за тое, павышэнне коштаў на медзь ўжо скарачае каэфіцыент даходнасці многіх праектаў у сферы вытворчасці экалагічна чыстай энергіі», – падкрэслівае часопіс Forbes.

***

«Ізраіль, які доўгі час называлі чэмпіёнам свету па вакцынацыі, стаў лідарам і ў пытанні трэцяй прышчэпкі: ужо ў канцы ліпеня ўрад прапанаваў усім жыхарам ва ўзросце 60 гадоў і старэй прайсці рэвакцынацыю супраць Covid-19. Тыя, хто зрабіў другую прышчэпку пяць ці больш месяцаў таму, зараз могуць зрабіць і трэцюю. Іншыя краіны рушылі за гэтым прыкладам. Але да гэтага часу не было ясна: ці сапраўды дадатковая вакцынацыя забяспечвае істотна лепшую абарону?», – піша нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.

Выданне прыводзіць першыя вынікі пашыранай ізраільскай праграмы вакцынацыі, якія сведчаць аб вартых ўвагі эфектах рэвакцынацыі.

«Параўнанне двух груп паказала, што сярод тых, каму былі зробленыя тры прышчэпкі, было ў 11 разоў менш заражэнняў, чым сярод двойчы вакцынаваных. Эфект ад вакцынацыі з часам зніжаецца. Верагоднасць развіцця цяжкай формы Covid-19 знізілася пасля бустэрнай вакцынацыі прыкладна ў 20 разоў. У цяперашні час Ізраіль рэкамендуе праходзіць рэвакцынацыю ўсім жыхарам краіны, старэйшым за 12 гадоў. Гледзячы на Ізраіль, з верасня і Нямеччына прапануе людзям, старэйшым за 60 гадоў, зрабіць дадатковую прышчэпку пры ўмове, што поўная вакцынацыя была пройдзеная не менш за шэсць месяцаў таму», – піша Süddeutsche Zeitung.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.