Быццам у гатэлі пажылі!



За ўсё трэба плаціць. Безумоўна. Бясспрэчна. Факт. Застаецца паразважаць пра кошты.

Кошт пытання, бадай, занадта высокі, калі ты трапляеш у турму. І справа не толькі ў тым, што губляеш час і здароўе. Любая турма – гэта стрэс, а беларуская турма вымагае яшчэ і значных фінансавых выдаткаў. Пра французскую хай разважаюць французы, а мы пра сваё, набалелае. Днямі выйшаў на волю гомельскі грамадскі актывіст Ілля Міронаў. Ён адсядзей 25 сутак за майку з подпісам “Пішыце лісты”. Такі подпіс палічылі пікетам, як і шматлікія лісты, адпраўленыя палітычным зняволеным.

Добра, гэта пройдзены этап, але ж за гэтыя 25 няпростых дзён чалавек павінен заплаціць дзяржаве 1110 рублёў. Закон ёсць закон – што тут разважаць? Трэба плаціць. Цікавей іншае! Калі гомельскі валанцёр Ілля Міронаў заплоціць за харчаванне ў ізалятары і за паслугі адваката такія добрыя грошы, то за што жывуць тыя ж гомельскія пенсіянеры? І гарадзенскія, з пенсіяй плюс/мінус 500 рублёў. Так, Ілля мусіць заплаціць і за паслугі адваката, але днямі ж выйшла з Акрэсціна журналіст Кацярына Карпіцкая: яна аплаціла турэмны побыт 30 сутак сумай у 400 рублёў. І харчаванне па яе інфармацыі было вельмі “спецыфічным”.

Вяртаемся да пытання пра айчынных пенсіянераў. Як выжыць за такія грошы? Жыць пенсіянеру на адну пенсію вельмі сумна: і сам ледзь пракормішся, і ўнукаў не дагледзіш. А лекі? Камунальныя паслугі? Санаторый? Жарт. Які можа быць санаторый пры такім раскладзе? Французскія ж пенсіянеры, безумоўна, прападаюць. Не чулі? Паглядзіце навіны беларускага тэлебачання – суцэльны бардак у гэтай вашай Еўропе! Валяр’янку трымайце ў крокавай дасяжнасці.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ