Леся Руднік: Лепшая дапамога Беларусі – прыслухоўванне Еўропы да беларускіх дыяспар
Беларусь знаходзіцца ва ўнікальнай сітуацыі: калі ўнутры краіны рэжым літаральна выжывае за кошт Крамля, шматлікія беларускія дыяспары звонку спрычыняюцца да палітычных пратэстаў, які набываюць сусветны рэзананс вакол беларускага крызісу. Пакуль дыяспара яшчэ не стала вырашальнай у барацьбе з рэжымам, аднак без дзеянняў беларусаў замежжа тыя ж рэакцыі ЕЗ, міжнародных кампаній і дэмакратычных сілаў былі б у разы меншымі.
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з „Госцяй Рацыі” – паліталагам і дактаранткай Універсітэта Карлстада Лесяй Руднік пра тое, колькі беларусаў у Швецыі, ці ўплывае дзейнасць беларускіх дыяспар на паслабленне пазіцый рэжыму Лукашэнкі і чым Еўропа сапраўды можа дапамагчы Беларусі:
– Акурат у шведскім выпадку мы бачым, што кампаніі, якія супрацоўнічалі нейкім чынам мелі сувязі з беларускім рэжым, яны даволі хутка змяняюць свае рашэнні. Так, напрыклад, шведская алкагольная манаполія адмовілася ад замовы беларускага шампанскага, бо беларусы Швецыі некалькі разоў пратэставалі такіх зносін. Такая ж падобная сітуацыя адбылася з крэдытам ад Швецыі. Тады беларусы Швецыі змаглі падкрэсліць праблему і дамагчыся таго, каб беларуская кампанія не атрымала крэдыт ад шведскай кампаніі. Таму мне падаецца, што тут вельмі важна думаць пра тое, як рэагуюць шведскія кампаніі. Тое, які эфект гэта можа мець на беларускі рэжым, гэта канешне цяжкае пытанне, такое ж як і санкцыі. То бок мы разумеем, што ёсць спосабы, якімі рэжым будзе пазбягаць наступстваў такога кшталту супрацоўніцтва. Канешне калі мы кажам пра Ikea, то гэта вельмі сур’ёзны ўзровень супрацоўніцтва. Гэта можа нейкім чынам паўплываць і быць непрыемным для рэжыму. Варта таксама разумець, што рэжым знойдзе спосабы збыту лесу і вырабу гатовай мэблі. Гэта не праблема для рэжыму. Ёсць і іншыя рынкі, якія таксама патрабуюць танную прадукцыю. Таму цяжка сказаць, што гэта будзе мець разбуральны эфект для рэжыму, але дакладна прыцягне ўвагу шмат каго. Усё ж такі можа паказаць, што беларусы, якія салідарныя з беларусамі, якія жывуць у Беларусі, яны могуць дамагацца і дапамагаць рэальна.
РР: Колькі беларусаў пражывае ў Швецыі?
– Насамрэч нам цяжка даведацца дакладную інфармацыю, бо ў Швецыі даволі мала беларусаў падаюцца на палітычны прытулак, бо яго тут амаль немагчыма атрымаць. Ёсць канкурэнты з іншых краін, даволі шмат асабліва зараз. Гэта адна прычына, па якой мы не ведаем статыстыку, напрыклад уцекачоў. Статыстыку прыезджых таксама пакуль мы не можам дакладна сказаць таму, што яе вымяраюць не гвалтоўным перапісам, якія адбываюцца ў Беларусі, перапіс з’яўляецца добраахвотным. Не ўсе людзі хочуць удзельнічаць у гэтым перапісе насельніцтва. Статыстыка, якая падаецца, якая ёсць у афіцыйнай беларускай амбасады – гэта толькі статыстыка тых, хто стаў на консульскі ўлік, а такіх людзей даволі мала. Таму мы не можам ведаць, колькі дакладна беларусаў у Швецыі, але паводле апошніх дадзеных – гэта 3000 беларусаў на ўсю краіну. Здаецца гэта дадзеныя 2019 года. Мне падаецца, што рэальная лічба нашмат вышэй. Гэта таксама звязаны з тым, што Швецыі беларусам крыху складаней з дакументамі, таму многія беларусы жывуць па дакументах іншых краін Еўразвязу, таму нідзе не фігуруюць у шведскай сістэме. Я думаю, што лічба ў некалькі разоў вышэй, чым 3000.
РР: Ці заўважная палітычная актыўнасць сярод беларускай дыяспары?
– Арганізацыя „Беларусы Швецыі”, якая існуе ўжо, як дванаццаць год займаецца культурнай дзейнасцю, прасоўваннем беларускіх пытанняў. Два гады таму ў нас скончылася кампанія па змене назвы з Белая Расея на Беларусь. Гісторыя яшчэ працягваецца. Мы на днях атрымалі пацверджанае, што падатковая служба і ўсе дзяржаўныя сістэмы змяняюць коды краіны, цяпер афіцыйна на ўсіх дакументах таксама будзе Беларусь, не толькі ў выказваннях палітыкаў і ў медыя. Гэта адно з таго, што мы рабілі і працягваем рухацца ў гэтым накірунку. Вядома, што за столькі гадоў дзеяння склаліся вельмі блізкія адносіны ў некаторых з чальцоў арганізацыі з палітыкамі і з журналістамі. Уплываць на павестку шведскіх СМІ ці на палітыкаў мы ў прынцыпе можам і адчуваем сябе даволі камфортна. Канешне апошні год беларуская дыяспара стала больш згуртаванай, больш аб’яднанай. Гэта таксама прыцягнула ўвагу шведскага грамадства. Я лічу, што той капітал, які быў закладзены арганізацыяй да гэтага стаў даволі вырашальнай у тым, як зараз на нас рэагуе шведскае грамадства.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя