Алесь Пушкін просіць перадаць на суд вышыванку
Мастак-палітвязень Алесь Пушкін напісаў, што тэрмін следства яму працягнулі да канца кастрычніка, паведамляе radiosvaboda. Ён застаецца пад вартай у следчай турме ў Жодзіне.
Паводле жонкі мастака Яніны, ён просіць у лісце, каб на суд яму перадалі кашулю-вышыванку з васількамі.
30 сакавіка Алеся Пушкіна затрымалі ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Ён фігурант крымінальнай справы, якую пачала Гарадзенская пракуратура паводле ч. 3 арт.130 Крымінальнага кодэксу (распальванне варожасці). Паводле пракуратуры — «за ўчыненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму».
Падставай для гэтага стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара «з аўтаматам на плячы», выстаўлены ў «Цэнтры гарадскога жыцця» ў Гародні.
![](/wp-content/uploads/2022/04/racyja_app_1200x300.jpg)