Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў выказаў пратэст у сувязі з „атакай на лідараў і актывістаў БНП”
„Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў” выказвае „рашучы пратэст у сувязі з беспрэцэдэнтнай атакай уладаў і іх сілавых структур на лідараў і актывістаў Беларускага незалежнага прафсаюза”, — гаворыцца ў заяве, размешчанай на сайце кангрэса. Арганізацыя мае намер праінфармаваць аб затрыманнях актывістаў БНП Міжнародную канфедэрацыю прафсаюзаў і Міжнародную арганізацыю працы і звярнуцца „з просьбай аб прыняцці неадкладных мер да ўладаў краіны”.
Як паведаміў БНП, раніцай 21 верасня прайшоў вобшук у кватэры старшыні пярвічнай арганізацыі БНП работнікаў ААТ „Нафтан” Вольгі Брыцікавай і ў офісе прафсаюза. Пазней Брыцікава была адпушчаная. Паведамляецца таксама пра затрыманні актывістаў БНП у розных гарадах. Двух членаў прафсаюза — Андрэя Беразоўскага і Рамана Шкодзіна — затрымалі ў Наваполацку (Віцебская вобласць) і арыштавалі на 7 і 15 сутак на падставе артыкула (распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць). 20 верасня суд Наваполацка паводле гэтага ж артыкула аштрафаваў на 30 базавых велічынь (870 рублёў) старшыню БНП Максіма Пазнякова за перапост у „Фэйсбуку” матэрыялу, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім.
Кіраўніцтва Беларускага незалежнага прафсаюза выказвае абурэнне тым, што адбываецца. „Пра сітуацыю ў Беларусі праінфармаваныя брацкія прафсаюзы і міжнародныя прафсаюзныя аб’яднанні”, — паведамілі ў БНП.
Беларускае Радыё Рацыя