Свята Багач у Вязынцы
На традыцыйнае восеньскае свята запрашаюць Дзяржаўны музей Янкі Купалы і Студэнцкае этнаграфічнае таварыства.
Дата: 25 верасня
Час: 12.30-17.00
Месца: в. Вязынка, Маладэчанскі раён, Менская вобласць
Удзельнікаў чакаюць танцы, спевы, майстр-класы, гандлёвыя рады. Свята адбудзецца на тэрыторыі музея.
У народным календары Багач прымеркаваны да заканчэння збору ўраджая (“к гэтаму часу ў кожнага ўсяго багата”) і да першага пасля лета запальвання хатняга агменю – яго сімвалізуе васковая свечка ў лубцы з жытам, якую ставяць на покуць і захоўваюць там на працягу ўсяго года для забеспячэння багацця і шчасця гаспадарам. Зерне ў лубку ссыпалі, па жменьцы, усёй вёскай пад час урачыстага абыходу . Сам Багач аддавалі на захаванне маладой пары, што пабраліся сёлета шлюбам, альбо самай удалай сям’і ў вёсцы. З гэтага зерня пачыналі засяваць на новае лета і верылі, што ўраджай будзе выдатны!
Асноўнай дзеяй свята з’яўляецца ссыпанне агульнага Багача, таму мы зноў просім усіх нашых гасцей захапіць з сабой па жменьцы зерня.
У праграме свята – урачысты абрад ссыпання зерня і запальвання вагню, дажынкавыя і восеньскія спевы з розных рэгіёнаў Беларусі, святочныя пачастункі – хатні хлеб і мёд, хатні сыр, а таксама майстар-класы па рамёствах, кухня і кірмаш, а пад вечар – традыцыйныя танцы!
Для ўваходу на тэрыторыю музея, дзе адбудзецца свята, трэба будзе набыць у касе музея квіток. Кошт – дарослыя – 4 руб., студэнты 3 руб., дзеці – 2 руб. Тым самым, мы з радасцю падтрымліваем дзейнасць музея!
Арганізатары свята