Жыхара Рэчыцы зняволілі на тры гады за падзеі 9 жніўня 2020 года
22 верасня суд Рэчыцкага раёну прызнаў Канстанціна Міхальцова вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, паводле якіх яго абвінавацілі, піша „Палеская Вясна”.
Суддзя Марына Кацуба пастанавіла прызнаць Міхальцова вінаватым у «злачынствах», прадугледжаных часткай 1 артыкула 342, артыкулам 364 і часткай 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса. Паводле першага абвінавачвання, яна пастанавіла зняволіць Міхальцова на паўтара года, паводле артыкула 364 – на два гады калоніі, за негатыўную ацэнку Лукашэнкі – на адзін год у вязніцы. Марына Кацуба пастанавіла скласці вынесеныя тэрміны часткова і ў выніку вырашыла прысудзіць Канстаніца Міхальцова да трох гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.
23-гадовага Канстанціна Міхальцова пачалі судзіць яшчэ 19 жніўня за падзеі вечара 9 жніўня мінулага году.
У віну Міхальцову ставілася тое, што ён пасля галасавання на выбарах прэзідэнта 9 жніўня 2020 года выйшаў на плошчу ў Рэчыцы, а калі там пачалі без віны затрымліваць іншага хлопца, разам з групай людзей замінаў гэта рабіць. У прыватнасці, ён нібыта выходзіў на праезную частку вуліцы Чапаева і нібыта замінаў руху транспарту. Акрамя таго, яго вінавацілі ў гвалце датычна да міліцыянта з Рэчыцкага РАУС Дзмітрыя Гарая. Сам Гарай распавядаў на судзе, што хлопца, які стаяў на плошчы, вырашылі затрымаць толькі з тае прычыны, што ў яго на плячах быў беларускі нацыянальны сцяг, і побач з ім знаходзілася група людзей. Людзі спрабавалі перашкодзіць адвольнаму затрыманню. Сярод тых, хто спрабаваў не даць затрымаць невінаватага, апынуўся і Канстанцін Міхальцоў.
Калі затрыманага маладзёна міліцыянты пачалі садзіць у сваю машыну, Міхальцоў штурхнуў Гарая ў спіну. Як казаў на першым судовым паседжанні сам Гарай, ён адчуў «уздзеянне» і выказаў здагадку, што «напэўна, боль мінімальны нейкі быў». Тым не менш, супрацоўнік запрасіў, каб суд прысудзіў яму кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 2 000 рублёў.
Таксама Міхальцова абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі. Яна нібыта ўтрымлівалася ў меркаванні, якое Міхальцоў выказаў у тэлеграм-канале. Згодна з лінгвістычнай экспертызай, допіс Міхальцова – паведамленне абразлівага характару, якое ўтрымлівае негатыўную ацэнку Лукашэнкі.