Пра “мапу стукачоў”



Некалькі дзён беларусы абмяркоўваюць звесткі ад ананімных хакераў, якія выклалі дадзеныя пра інфарматараў МУС. На спецыяльнай мапе пазначаная персанальная інфармацыя людзей, якія звярталіся да дзяжурных міліцыянтаў у разгар пратэстаў 2020 года. Пераказваць зместы даносаў – бессэнсоўна. Усе яны надзвычай малаінфарматыўныя, скіраваныя на тое, каб уладаахоўнікі адрэагавалі на дзеянні суседзяў, якія вывешваюць апазіцыйную сімволіку, ці на тое, каб міліцыянты ліквідавалі стыхійны мемарыял у гонар ахвяраў пратэстаў… Ёсць, вядома, і цікавыя кейсы, калі канкрэтныя грамадзяне даносяць на прамовы святара альбо на тое, што аднавясковец на камбайне вывесіў бел-чырвона-белы сцяг. Агульная колькасць зваротаў, як вынікае з прадстаўленых дадзеных, не дасягае 3 тысяч. І асабістыя звесткі гэтых людзей трапілі ў адкрыты доступ. Журналісты “Белсату”, “Еўрарадыё” звязаліся з некалькімі інфарматарамі, тэлефоны якіх пазначаны на мапе. Яны не сталі адмаўляць факты зваротаў, самі пацвердзілі, што сапраўды паведамлялі ў міліцыю пра “нядобранадзейных” суграмадзянаў. Такім чынам, можна канстатаваць, што ў сеціве выкладзеныя сапраўдныя дадзеныя, што стала вынікам узлому ўнутраных сервераў МУС. Гэты факт у любой краіне свету выклікаў бы маштабны кадравы ператрус, але ў Беларусі ніякай рэакцыі ад кіраўніцтва краіны на злівы няма. Маўчаць, нібы вады ў рот набраўшы.

Сітуацыя, калі дадзеныя пра інфарматараў праваахоўных органаў сталі вядомыя шырокаму грамадству да падзення рэжыму, – унікальны выпадак у гісторыі. Гэта азначае, сама меней, два моманты. Па-першае, сакрэтныя службы рэжыму не могуць забяспечыць базавы ўзровень абароны канфідэнцыйнай інфармацыі. Па-другое, інфарматары лішні раз падумаюць, ці звяртацца ў органы, калі ім не гарантуецца ананімнасць як мінімальнае патрабаванне бяспекі.

Выпадак з публікацыяй інфармацыі пра даносчыкаў, хоць і ўзбударажыў частку беларускага грамадства, аднак не павінен асабліва шакаваць. Справа ў тым, што пры стварэнні пэўных умоваў “стукацтва” на палітычных апанентаў становіцца ледзьве не нормай. Але ў сітуацыі Беларусі, калі на 9,5 мільёнаў грамадзян не знайшлося і 3 тысяч “неабыякавых таварышаў”, панікаваць не варта.

Доктар гістарычных навук, даследчык нацызму Гвіда Кноп у кнізе “СС – інквізіцыя Гітлера” развенчвае легенду пра ўсемагутнасць гестапа. “Гестапа Гейдрыха ў прафесійным плане было слаба аснашчанай структурай. Так, напрыклад, на 500 тысяч жыхароў Дзюсельдорфа прыпадала ўсяго 126 гестапаўцаў…” Аднак недахоп “кадравых спецыялістаў”, як зазначае гісторык, кампенсаваўся добраахвотнай працай “стукачоў”, якія звярталіся ў гестапа без страху і якіх было вельмі шмат. “Заслугоўвае ўвагу тое, што сказаў нам калега Вульф. 31 студзеня 1940 года: “Учора, калі выступаў фюрар, я выключыў радыё. Я не мог слухаць гэтае выццё і лямант, і, акрамя гэтага, мне зусім гэта не цікава…”, – прыводзіць тыповы данос у якасці прыкладу нямецкі даследчык. На калегу, які працаваў аўтаслесарам, адразу данеслі трое таварышаў. У выніку “калега Вульф” быў арыштаваны.

З пункту гледжання статыстыкі 3 тысячы даносчыкаў – гэта кропля ў моры. На фоне магутнай хвалі пратэстаў і грамадскай салідарнасці некалькі тысяч выпадкаў нізкіх паводзін – гэта мізер. У параўнанні з эпохай сталінізму альбо нацызму, калі на нядобранадзейных суседзяў былі гатовыя даносіць амаль усе, беларусы выглядаюць цалкам сабе прыстойна. Больш за тое, адсутнасць масавых скаргаў на дзеянні пратэстоўцаў, хоць улады заклікалі на пэўным этапе грамадзянаў далучацца да задушэння пратэстаў і паведамляць пра арганізатараў, таксама паказвае, што большасць народу выступае за перамены. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ