Еўропа можа сутыкнуцца з дэфіцытам газа зімой



Цэны на газ у Еўропе растуць імклівым тэмпам, а газавыя сховішчы перад халодным перыядам году – надалей не запоўненыя. Эксперты перасцерагаюць: калі зіма будзе марознай, можа дайсці да перабояў з пастаўкамі газу. 

У новым ацяпляльным сезоне краіны Еўропы могуць сутыкнуцца з неабходнасцю размеркавання газу па квотах з прычыны яго дэфіцыту. Такое меркаванне выказаў у інтэрв’ю Bloomberg TV дарадца прэзідэнта ЗША па пытаннях энергетычнай бяспекі Амос Хохштэйн. “Калі зіма будзе больш халодная, чым звычайна, у нас ня будзе дастаткова газу для ацяплення ў шэрагу частак Еўропы”, – кажа Хохштэйн. Паводле яго, з прычыны дэфіцыту газу шэраг краін будзе набываць яго па завышаных цэнах, астатнім давядзецца размяркоўваць газ па квотах. Пры гэтым дарадца прэзідэнта ЗША адзначыў, што магутнасці газатранспартнай сістэмы Украіны дазваляюць праводзіць больш газу, чым праводзіцца цяпер. Тым ня менш, расейскі Газпром ня стаў браніраваць дадатковую транзітную магутнасць праз Украіну на кастрычнік. З-за гэтага кошт газу днямі вырас да 900 даляраў за тысячу кубаметраў. Паводле самаго Газпрома, на сёння адставанне закачкі газу ў еўрапейскія сховішчы складае 23 мільярды кубаметраў. Амос Хохштэйн упэўнены, што Расея спецыяльна выкарыстоўвае сітуацыю, каб схіліць Еўропу да больш хуткага запуску газаправода “Паўночны паток-2”.

Падобнага меркавання прытрымліваюцца і многія іншыя эксперты і палітыкі. Да прыкладу, віцэ-старшыня партыі “Зялёныя” у Бундэстагу Олівер Крышэр кажа: “Сітуацыя з пустымі сховішчамі Газпрому ў Нямеччыне і Еўропе, хутчэй за ўсё, створана мэтанакіравана. Да прыкладу, адно з найвялікшых еўрапейскіх газавых сховішчаў месціцца ў Ніжняй Саксоніі, і па стане на 15 верасня яно было запоўнена менш, чым на пяць працэнтаў. “Нямеччына ўвайшла ў сітуацыю патэнцыйнага шантажу”, – перасцерагае палітык, звяртаючы ўвагу на працэдуру запуску газаправода Nord Stream 2. Праўда, прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў на мінулым тыдні катэгарычна аспрэчыў думку пра тое, што энергетычны гігант Расея мае нешта супольнае з цяперашнім імклівым ростам цэн на газ.

Так ці іначай, газ стаў дэфіцытным таварам на энергетычных рынках. Сярод іншых галоўных прычын сітуацыі называюцца: аднаўленне гаспадаркі пасля пандэміі, калі вярнуўся глабальны попыт на газ, а таксама адзначаецца ўплыў мінулай халоднай зімы, пасля якой сховішчы газу ў Еўропе былі спустошаныя. І калі гэтыя сховішчы ў хуткім часе не будуць дастаткова запоўненымі, то ў перыяд вострага запатрабавання могуць паўстаць нават перабоі ў даставах газу. Цэны ж на газ працягнуць расці. Паводле экспертаў, гэты рост можа спыніцца не раней за другі квартал наступнага года.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: report.az