Пра выбачэнні за колеры



Як той казаў, бог любіць троіцу. “Міс Беларусь” Дар’я Ганчарэвіч ужо ў трэці раз на старонках дзяржаўных СМІ выбачаецца за фотасесію ў белых і чырвоных колерах. Маўляў, шкадуе, што ўдзельнічала, што гэта не было праявай яе грамадзянскай пазіцыі. Падаецца, “Міс Беларусь” можа не спыняцца на выбачэннях. Ёсць яшчэ абласныя і раённыя дзяржаўныя выданні, дзе можна выбачыцца за фотасесію ў белых і чырвоных колерах. А яшчэ можна цэлую прэс-канферэнцыю склікаць, якую так і назваць “Выбачэнні “Міс Беларусь” за фотасесію”. А наперадзе яшчэ ўдзел у конкурсе “Міс свету”. Пасля гэтага зноў можна выбачыцца за белыя і чырвоныя колеры. І ўвогуле заявіць, што гэтыя колеры яна ніколі не любіла і любіць не будзе. Дарэчы, падчас удзелу ў конкурсе “Міс свету” трэба быць вельмі ўважлівым: а раптам хтосьці з удзельніц будзе фатаграфавацца ў белым і чырвоным. Потым зноў давядзецца выбачацца як мінімум тры разы.

Зрэшты, выбачыцца тры разы за ўдзел у фотасесіі ў белых і чырвоных колерах – гэта правільна. А раптам хтосьці не паверыць з першага разу: падумае, што гэта ўсё для адмазкі. А вось пасля трэцяга разу выбачэнняўт з’яўляецца сапраўды вера ў словы “Міс Беларусь”. Сапраўды праўду гаворыць. Аднак не трэба спыняцца на дасягнутым. Старажытнагрэцкі матэматык Еўклід лічыў, што для любога канчатковага спісу простых лічбаў знойдзецца простая лічба, якая не ўвайшла ў гэты спіс. Так і тут: заўжды знойдзецца выданне ці хтосьці, перад кім яшчэ не выбачылася “Міс свету” за сваю фотасесію ў белых і чырвоных колерах.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ