Уцекачы “паміраюць у цішыні”



Нарастае напружанне на беларуска-польскай граніцы. Польскі бок рашуча заяўляе, што не саступіць у “гібрыднай вайне”, а афіцыйны Менск адказвае на гэта чарговымі правакацыямі. У той жа час на граніцы пачалі паміраць людзі.  

З боку беларускай граніцы заўважылі невядомых асобаў у экіпіроўцы. Вось што піша ў Twitter Памежная служба Польшчы: “Памежнікі даўно назіраюць з беларускага боку на граніцы з Польшчай за афіцэрамі і салдатамі, якіх раней не бачылі на гэтай граніцы. Іх форма і экіпіроўка ўказваюць на тое, што яны не з’яўляюцца памежнікамі”. На гэты твіт адрэагаваў прадстаўнік міністра-каардынатара спецслужбаў Польшчы Станіслаў Зарын, паводле якога, у памежнай паласе апазнаныя вайскоўцы паветрана-дэсантных падраздзяленняў або падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння, некаторыя з якіх маюць снайперскія вінтоўкі. Паводле Зарына, на граніцы з Польшчай з’явіліся вайскоўцы, якія займаюцца баявымі дзеяннямі. Дзеля справядлівасці трэба зазначыць, што і з польскага боку граніцы ўжо некалькі тыдняў знаходзяцца не толькі памежнікі, але і вайскоўцы. На тэрыторыях, якія ўвайшлі ў зону надзвычайнага становішча, а гэта трохкіламетровая паласа ад граніцы з польскага боку, шмат вайскоўцаў, паліцыі, памежнікаў. А таму карцінкі, калі над Гайнаўкай лятае вайсковы дрон, або ў Белавежы ў людзей спраўджваюць багажнікі ў машынах – ужо не здзіўляюць.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў сваім выступе на Генеральнай асамблеі ААН абвінаваціў улады Беларусі ў спробах выклікаць “штучны гуманітарны крызіс”. Ён сказаў, што Польшча “не саступіць у гэтым крызісе”, і што мігранты разглядаюцца рэжымам “як пешкі ў палітычным змаганні”. А газета “Мінская Праўда” ў новым нумары змясціла на вокладцы здымак прэзідэнта Дуды, выразна параўноўваючы яго да Гітлера. Больш за тое, памежная служба Беларусі заявіла, што польскія службы падкінулі ім у раёне Свіслачы ўцекача, які быў без свядомасці, меў пры сабе польскую медыцынскую даведку хуткай дапамогі, а на яго целе былі сляды фізічнага гвалту.

Пакуль ідзе гэтая палітычная і ідэалагічная вайна, хоць бясспрэчна, што крызіс на граніцы выкліканы ўладамі Беларусі і відавочна мэтанакіравана, уцекачы “паміраюць у цішыні”. Між іншым такі надпіс быў на адным з плакатаў, з якімі выйшлі нязгодныя з сітуацыяй грамадзяне Польшчы да будынка Стражы Гранічнай у Любліне, падобныя пратэсты прайшлі таксама ў Варшаве і Беластоку. Іх удзельнікі заклікаюць да павагі правоў чалавека, у тым ліку права на жыццё. У той жа час Агенцтва ААН па справах уцекачоў і Міжнародная арганізацыя па справах міграцыі занепакоеныя смерцю чатырох асоб паблізу граніцы Польшчы і Беларусі. Абедзве арганізацыі лічаць недапушчальнай практыку завяртання уцекачоў на граніцы. У выніку ўцекачы тыднямі застаюцца без ежы, цяпла і дапамогі, многія – у драматычнай сітуацыі. Аднак лёс гэтых людзей надалей, відавочна, толькі ў іх уласных руках.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Agencja Gazeta