Праваабаронцы віншуюць Леаніда Судаленку з 55-годдзем



Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка адзначае свой юбілей за кратамі—23 верасня яму спаўняецца 55 гадоў.

Дзейнасць Судаленкі стала вядомай і па-за межамі Беларусі. І таму ў ягоны дзень народзінаў праваабаронцы розных краін і арганізацый успамінаюць пра яго асобу і віншуюць з Днём народзінаў. Сярод іх Марцін Угла, кіраўнік Шведскай ініцыятывы „За дэмакратыю і правы чалавека”:

– Мы вельмі добра памятаем, калі ты быў у нас у гасцях у Швецыі. Гэта такія цёплыя ўспаміны для нас. І мы, канешне, хочам цябе хутка ўбачыць ізноў. Спадзяюся, што не трэба чакаць доўга. І мы тады будзем ізноў размаўляць так добра, як гэта было раней.

Паўліна, Швецыя:

– Дарагі Леанід! З Днём народзінаў! Я думаю пра Вас і жадаю здароўя і свабоды.

Андрэй Бастунец, старшыня Беларускай Асацыяцыі Журналістаў, якая была ліквідавана 27 жніўня 2021 года:

– Мы добра знаёмыя з Леанідам, бо ён не толькі працаваў у “Вясне”, ён яшчэ супрацоўнічаў з БАЖ па Гомельскай вобласці. І мы асабіста вельмі добра адзін аднаго ведаем. Мы амаль равеснікі. Хачу пажадаць яму перш за ўсё справядлівага прысуду. Мне падаецца, гэта быў бы найлепшы падарунак для Леаніда. На, жаль, у нас не вельмі шмат надзеяў на тое, што ў сённяшняй сітуацыі гэта адбудзецца. І значыць, другое, каб гэтая сітуацыя змянілася як мага хутчэй. І каб ён апынуўся як мага хутчэй на волі. І мы маглі б з ім сустрэцца і паціснуць адзін аднаму рукі.

23 верасня, у дзень народзінаў праваабаронцы Леаніда Судаленкі над ім праходзіць чарговае закрытае судовае паседжанне. Яго судзяць за праваабарончую дзейнасць. Леанід прызнаны палітычным вязнем. Са студзеня ён утрымліваецца ў СІЗА №3, што ў Гомелі.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя