Польшча адмовілася выдаць беларуса па запыце Генпракуратуры Беларусі



Міністэрства юстыцыі Польшчы адмовіла ў задавальненні просьбы Генеральнай пракуратуры Беларусі аб выдачы для прыцягнення да крымінальнай адказнасці абвешчанага ў міжнародны вышук беларуса 1987 года нараджэння. Пра гэта паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.

Паводле інфармацыі ведамства, Менскі раённы аддзел Следчага камітэта інкрымінуе беларусу здзяйсненне з 19 сакавіка 2014 года па 29 мая 2018 года 11 эпізодаў падбухторвання да дачы хабараў; 11 эпізодаў махлярства, у тым ліку ў буйным памеры; 2 эпізодаў падробкі іншага афіцыйнага дакумента; 9 эпізодаў дапамагання ў службовым падлогу. Акруговы суд у Быдгашчы прыняў рашэнне аб прававой недапушчальнасці выдачы беларуса, бо ў Беларусі могуць быць парушаныя яго правы і свабоды. Беларускае ведамства адзначае, што  гэта дазваляе абвінавачанаму беларусу пазбегнуць адказнасці за ўчыненыя маёмасныя і карупцыйныя злачынствы.