Журналістыка ў Беларусі патрабуе большай асцярожнасці
Журналістыка ў сучаснай Беларусі патрабуе большай асцярожнасці. Пад прыцэлам як супрацоўнікі СМІ, так і яго чытачы, кажа рэдактар гарадзенскага інфармацыйнага СМІ, якое блакуюць. За апошні год рэдакцыя Hrodna.life, партала пра гарадское жыццё, зазнала арышты, ператрусы і сумарна атрымала больш за $10 тысяч штрафаў. Арганізацыю «Гродна Лайф Медыя», якой належыць інтэрнэт-партал, ліквідуюць. Такое рашэнне вынес эканамічны суд Гарадзенскай вобласці, а мясцовая пракуратура прадпісала заблакаваць сайт.
У такой атмасферы, вядома, зменшылася і колькасць актыўных чытачоў, з’явіліся іншыя праблемы ды перасцярогі, кажа рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота:
– Але актыўныя чытачы ёсць на месцы, такое ядро, якое мы сабе сабралі. Ніжэй паловы крытычнай адзнакі колькасць чалавек не падае. Шкада толькі, што ў „Тэлеграме” давялося адмовіцца ад каментаў, таму што мінулым разам наш папярэдні канал, які мы ўжо закрылі, прызналі экстрэмісцкім. Яго прызналі экстрэмісцкім менавіта праз каментары. Таму зараз, як мы бачым, каментары ў „Тэлеграме” небяспечныя для чытачоў. Яны могуць самі не ведаючы неяк сябе паставіць пад атаку гэтай улады, калі нешта нядобра там пракаментуюць.
Як кажа Аляксей Шота, улады загналі незалежных журналістаў ва ўмовы, калі думаць трэба не толькі пра сваю бяспеку, але і каб не стварыць праблемаў чытачам.
Больш на гэту тэму сёння а 15.10 паводле беларускага часу, 14.10 паводле польскага ў праекце «Месца для прэсы».
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя