Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» ліквідавалі



Сёння, 24 верасня, у Вярхоўным судзе было абвешчана рашэнне наконт Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Арганізацыю ліквідавалі.

Судовае пасяджэнне па грамадзянскай справе на позву Міністэрства юстыцыі супраць Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» прайшло ў чацвер, рашэнне было агучана сёння.

Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» было створанае ў 1990 годзе на хвалі нацыянальнага адраджэння і дзейнічае 30 гадоў для кансалідацыі беларусаў у краіне і ў свеце.

«Бацькаўшчына» ладзіла мерапрыемствы і акцыі, скіраваныя на ўмацаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, выступала ў абарону правоў і інтарэсаў беларусаў замежжа.

Менавіта дзякуючы Згуртаванню ў 2014 годзе быў прыняты закон «Аб беларусах замежжа», а З’езды беларусаў свету, што праводзіліся раз на чатыры гады, сталі сапраўднай агульнанацыянальнай платформай для абмеркавання актуальных для Беларусі і яе замежжа пытанняў і праблем.

14 ліпеня на офісе Згуртавання адбыўся ператрус. У выніку дзверы былі апячатаны, рахунак заблакаваны.

Ад Міністэрства юстыцыі Згуртаванне за гэты час атрымала два папярэджанні: першае за тое, што на сайце арганізацыі адсутнічае фінансавая справаздача за 2020 год, хаця закон дазваляе гэтую інфармацыю альбо размяшчаць на сайце арганізацыі, альбо дасылаць у Мінюст. Міністэрству справаздача была прадстаўленая ў адпаведнасці з заканадаўствам 28 лютага, за ўвесь час ніякіх заўваг гэтая акалічнасць не выклікала.

15 ліпеня было накіраваны новы дакумент шэрагам заўваг, якія трэба было выправіць да ліпеня.

Сярод іншага, Згуртаванню ставілася ў віну розніца паміж юрыдычным адрасам адрасам для наведвання, пазначаным на сайце. Таксама Міністэрства знайшло парушэнне ў тым, што «Бацькаўшчына» не прадставіла асабістыя даныя сяброў арганізацыі.

Такім чынам два пісьмовыя папярэджанні Міністэрства юстыцыі і далі магчымасць ліквідаваць арганізацыю цягам году.

nashaniva.com