Алена Анісім: Досыць размаўляць, якая мілагучная наша мова, карыстаючыся сродкамі рускай мовы
Сёння суддзя Вярхоўнага суда Ірына Філіпчык ліквідавала згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Ліквідацыя грамадскай арганізацыі адбылася па палітычным рашэнні, кажа кіраўнік Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Алена Анісім:
– Рашэнне Вярхоўнага суда аб ліквідацыі згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, кажучы дыпламатычна, выклікае шкадаванне. Безумоўна гэта неправамернае і няправільнае рашэнне, таму што “Бацькаўшчына” – вельмі важная арганізацыя, якая шмат зрабіла ў Беларусі і дзеля салідарнасці беларусаў як замежжа, так і ўнутры Беларусі. Незразумела ўвогуле, навошта гэта было рабіць. Відавочна адно – тут быў яўны палітычны падтэкст у прыняцці рашэння.
– І ваша Таварыства беларускай мовы таксама пад пытаннем?
– На жаль, яны таксама не абышлі і Таварыства беларускай мовы. 27 верасня будзе паседжанне Вярхоўнага суда па разглядзе нашай скаргі да Міністэрства юстыцыі. На дасудовым паседжанні было відавочна, што Мінюст не збіраецца забіраць сваё пісьмовае папярэджанне, не адступае ад сваіх пазіцый. Нягледзячы на ўяўную лаяльнасць суддзі Вярхоўнага суда, якая нібыта стараецца разабрацца ў сітуацыі, усё ж мы разумеем, што юрысты міністэрства і вярхоўнага суда кантактуюць і канешне рашэнне будзе не на карысць нашай арганізацыі. Мы не маем ілюзій. У любым выпадку, якое б рашэнне не было прынята, мы будзем бараніць інтарэсы беларускамоўных грамадзян, інтарэсы іх дзяцей, дамагацца навучання на беларускай мове ў школах і выхавання ў садках. Нягледзячы нават на тое, што гэта будзе ўжо незарэгістраваная арганізацыя.
– Я не губляю надзеі, што нават у калідорах улады ёсць людзі, якія хацелі б, каб Беларусь паўстала з каленяў, каб яна абтрэсла з сябе гэтыя накінутыя кайданы халопскасці. Наш народ мае права на такое ж годнае жыццё, як астатнія народы, мае права на сваю ўласную мову, на сваю нацыянальную адметную культуру, якая грунтуецца менавіта на нацыянальнай мове. Досыць ужо размаўляць, якая мілагучная наша мова, карыстаючыся сродкамі рускай мовы.
Цалкам размову можна паслухаць у далучаным аўдыёфайле:
Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” было створана ў 1990 годзе. Першы з’езд згуртавання адкрываў у Менску Васіль Быкаў. Імя Васіля Быкава назаўжды застанецца ў беларускай гісторыі.
Беларускае Радыё Рацыя