Amnesty International пачала кампанію ў падтрымку зняволенай Марфы Рабковай



Міжнародная арганізацыя Amnesty International запусціла электронны зварот за тэрміновае вызваленне палітзняволенай праваабаронцы «Вясны» Марфы Рабковай, якая ўжо больш за год утрымліваецца за кратамі.

«Улады Беларусі павінны спыніць пераслед сябраў Праваабарончага цэнтра „Вясна“ і іншых грамадзянскіх актывістаў, а таксама паважаць правы ўсіх жыхароў краіны на свабоду аб’яднанняў, мірных сходаў і на свабоду выказвання меркаваньняў», — гаворыцца ў звароце. Арганізацыя заклікае накіраваць міністру замежных спраў і генеральнаму пракурору Беларусі ліст з наступнымі патрабаваннямі:

неадкладна спыніць крымінальны пераслед Рабковай і забяспечыць зняццё з яе ўсіх абвінавачанняў;

зрабіць усе неабходныя захады для неадкладнага і безумоўнага вызвалення Рабковай і ўсіх астатніх вязняў сумлення ў Беларусі.

Падпісаць электронны зварот можа любы, для гэтага неабходна на сайце Amnesty International пакінуць свае імя, прозвішча, электронны адрас і абраць краіну.

Каардынатарку валанцёрскай службы «Вясны» Марфу Рабкову затрымалі летась 17 верасня. Яна стала першай затрыманай прадстаўніцай арганізацыі.

Беларускае Радыё Рацыя