Мантра супраць спадчыны



Ахова гістарычнай спадчыны – справа няўдзячная. Асабліва калі гэта тычыцца нечых камерцыйных інтарэсаў.

На тэрыторыі Украіны знаходзіцца вялікая колькасць курганоў. І цалкам натуральна, што яны прыцягваюць увагу не толькі навукоўцаў. Так званыя «чорныя археолагі» праяўляюць да іх не меншую цікавасць. Як правіла, большасць курганоў размешчана ў стэпавай частцы Украіны. Але, як аказалася, іх нярэдка выяўляюць і ў зусім непрадказальных месцах: пасярод сельскагаспадарчых палёў у тых рэгіёнах, дзе ніхто не мог падумаць, што гэта старажытныя пахаванні. Хоць часта менавіта дзякуючы дзеянням нелегальных капальнікаў актывісты і навукоўцы пачынаюць звяртаць увагу на розныя насыпы. Галоўнае, своечасова зразумець, што гэта менавіта курган, таму што свабодная зямля, ды яшчэ і якая мае блізкасць да мегаполісу, можа спакусіць інвестараў для будаўніцтва. І тады па кургану проста цынічна пройдзецца бульдозер. Нават калі навукоўцы пачынаюць раскопваць і вывучаць курган, пакуль ён канчаткова не знік, час працуе супраць іх – «чорныя археолагі» тут жа усялякімі выдасканаленымі спосабамі імкнуцца паспець яго разрабаваць.

Напрыклад, на Мікалаеўшчыне менавіта такім чынам была разрабавана скіфская магіла. Вельмі буйныя курганы – больш за сем метраў – як правіла, належаць шляхетным асобам скіфскага часу. Таму цалкам верагодна, што там быў пахаваны прадстаўнік царскага роду. Радавой магільнік скіфскага часу датуецца 2700-2600 тысяч гадоў таму. Чым вышэй курган, тым багацей, тым больш верагоднасць знаходкі унікальнага артэфакта. Хоць да пачатку афіцыйных раскопак вызначыць прыналежнасць кургана да той ці іншай культуры «на вока» проста немагчыма. Скіфскія курганы – гэта візітная картка сусветнага ўзроўню для ўкраінскай археалогіі. А курганы паменш ўлады часта выстаўляюць на таргі ці проста пераводзяць у фермерскія зямлі, тым самым даючы зялёнае святло рабаўнікам. Бо калі такая гістарычная памятка не мае археалагічнага пашпарта, то яна не мае і межавых знакаў. Добра, што існуюць грамадскія арганізацыі, якія сваімі сіламі агароджваюць курганы і ўсталёўваюць на іх дзяржаўны сцяг. Хоць гэта зусім не гарантуе, што яны ў бяспецы. І шматмільённыя па сваёй матэрыяльнай каштоўнасці знаходкі, хутчэй за ўсё, асядаюць у прыватных калекцыях, а не становяцца здабыткам гістарычнай і культурнай спадчыны народа, а мантра «паводле дзеючага заканадаўства» застаецца ўсяго толькі мантрай.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ