Беларусы прыбралі прыбярэжжа Віслы і цяпер палятаюць над Варшавай на паветраным шары
Сямёра працавітых, мужных беларусаў і беларусак дайшлі да фінішу ў акцыі па прыборцы прыбярэжжа Віслы, каб палятаць на паветраных шарах над Варшавай. Для гэтага ім прыйшлося ахвяраваць сваімі чатырма выходнымі, каб сваёй працай зрабіць прыемным адпачынак ля Віслы для аматараў шпацыру ўздоўж ракі, кажа ўдзельнік акцыі Руслан Гусейнаў:
– З самага пачатку ў нас было больш 10 чалавек. У працэсе нашых прыборак лік удзельнікаў пачаў скарачацца. Мы сабралі вельмі шмат смецця. І калі чысціня і парадак, нам робіцца прыемна. Падчас апошняй прыборкі Віслы нам падарылі намёты для дзяцей. Акрамя гэтага мы яшчэ палятаем на паветраным шары вакол Варшавы. Абавязкова з 10-метровым бел-чырвона-белым сцягам.
Сёння ў 17.30, калі не падвядзе надвор’е, адбудзецца заслужаны палёт беларусаў над Варшавай.
Аліна Андрыевіч, Беларускае Радыё Рацыя