Затрыманых рабочых вінавацяць у здрадзе дзяржаве і спробе захапіць уладу
Па АНТ паказалі сюжэт аб арганізацыі «Рабочы рух». Паводле інфармацыі тэлеканала, па крымінальнай справе затрыманыя 13 чалавек, яны знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Сярод артыкулаў, якія ім ставяць у віну, — здрада дзяржаве, перадае zerkalo.io.
Аўтары сюжэту сцвярджаюць, што мэтай «Рабочага руху» была арганізацыя забастовак на беларускіх прадпрыемствах, прамысловы шпіянаж, «дыверсійная дзейнасць» і «пагрозы кіраўніцтву, чыноўнікам, сілавікам». Таксама па дзяржканале заявілі, што арганізацыю кантралявалі спецслужбы ЗША і Літвы. У эфір выйшлі фрагменты канферэнцый у Zoom, у якіх розныя людзі кажуць пра страйкі ў Беларусі.
«Калі б рабочыя выйшлі на страйк, напрыклад, «Гродна Азот» спынілі б, перакрыўшы водазабор. Гэта выклікала б аварыйнае прыпыненне вытворчасці», — паведаміў закадравы голас.
Па словах аўтараў сюжэту, адной з мэтаў «экстрэмістаў і іх замежных куратараў» быў «Гродна Азот». Аднак «сцэнары спынення цэхаў» распрацоўваліся і для іншых прадпрыемстваў, у іх ліку — «Нафтан», Беларускі металургічны завод, МАЗ, Мінскі завод колавых цягачоў, Беларуская чыгунка.
«Распачата крымінальная справа адразу па некалькіх артыкулах крымінальнага кодэкса: здрада дзяржаве і стварэнне экстрэмісцкага фарміравання. У СІЗА КДБ змешчаныя 13 чалавек. Большасць з іх ужо далі прызнальныя паказанні», — паведамілі ў тэлеэфіры.