ЗША дазволяць уезд замежнікам, якія прышчапіліся вакцынамі, ухваленымі FDA або СААЗ
Людзі, якія зрабілі прышчэпку ад каронавіруса «Спадарожнікам V», рызыкуюць страціць магчымасць патрапіць у ЗША пасля таго, як набудуць сілу новыя правілы ўезду ў краіну. На гэта звярнула ўвагу The Washington Post.
На мінулым тыдні ўлады ЗША абвясцілі, што з лістапада пачнуць пускаць у краіну замежнікаў, якія прайшлі поўны курс вакцынацыі супраць каронавіруса. Плануецца, што непрышчэпленым замежнікам уезд у краіну забароняць.
Пры гэтым амерыканскія ўлады збіраюцца ўлічваць вакцынацыю толькі прэпаратамі, ухваленымі Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя (СААЗ) або Упраўленнем па кантролі за прадуктамі харчавання і лекамі ЗША (FDA).
FDA ухваліў вакцыны амерыканскіх кампаній Moderna, Pfizer і Johnson & Johnson. СААЗ, апроч іх, дазволіла выкарыстанне еўрапейскай AstraZeneca, кітайскіх Sinopharm і Sinovac, а таксама індыйскай Serum Institute of India.
Раней стала вядома, што СААЗ прыпыніла працэс разгляду „Спадарожніка V» з-за парушэнняў на адным з расейскіх заводаў, дзе выпускаюць вакцыну. СААЗ чакае апавяшчэння, што завод выправіў парушэнні, пасля чаго там пройдзе новая інспекцыя.