Агляд прэсы: выспы і горы



Беларусь як «наступны Крым». Выбары ў бундэстаг: што далей чакае Еўропу? Як Вялікабрытанія вырашае пытанні прадуктаў і паліва пасля брэкзіту.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

-«Пасля анэксіі Крыму Расеяй у 2014 годзе многія асцерагаліся, што гэтая «схема абароны суайчыннікаў» можа стаць прэцэдэнтам. Якая постсавецкая рэспубліка са значнай колькасцю рускамоўнага насельніцтва стане наступным «даміно»?» – задаецца пытаннем нідэрландская газета Raam op Rusland.

Выданне прыходзіць да высновы, што ўмовы, якія склаліся ў Беларусі»: адсутнасць канцэнтрацыі «пытанняў суайчыннікаў» у адносінах Расеі і Беларусі, цяжкасці вызначэння «рускай часткі» Беларусі і яе насельніцтва, а таксама адсутнасць масавай арганізацыйнай базы, у канчатковым рахунку неспрыяльныя для сепаратызму, які фінансуецца Расеяй.

«Нацыянальнае паўстанне пасля фальсіфікацыі выбараў у жніўні 2020 года таксама стала зменай гульні. Фактычная верагоднасць «эфекту даміно» «Крыму» у выпадку Беларусі пакуль застаецца пад пытаннем. Маскву ў цяперашні час мала цікавіць «актывізацыя» сваіх «суайчыннікаў» у гэтай краіне. Ды і прыпісаць Беларусі аналагічную ступень рускасці, якую звычайна прыпісваюць Крыму, таксама праблематычна», – падсумоўвае нідэрландскае выданне.

Па выніках выбараў у бундэстаг перамога з нязначнай перавагай галасоў дасталася СДПГ. На пасаду канцлера ад гэтай партыі прэтэндуе Олаф Шольц. Атрымаўшы 25,7 адсоткі галасоў, сацыял-дэмакраты абышлі блок ХДС/ХСС, які набраў 24,1 адсоткі, „Зялёных” (14,8 адсоткі) і СвДП (11,5 адсоткі). Паколькі СДПГ і ХДС не выказваюць жадання працягваць працаваць разам у рамках Вялікай кааліцыі, у краіне, хутчэй за ўсё, будзе сфармавана кааліцыя з трох партый. Як мяркуе прэса, вялікая верагоднасць з’яўлення ў еўрапейскім парадку дня палітыкі жорсткай эканоміі.

«У ходзе перамоў аб фармаванні кааліцыі будзе таксама вырашацца лёс Пакта стабільнасці і росту», – адзначае італьянская газета La Repubblica.

«Вынікі выбараў у германскі бундэстаг акажуць большы ўплыў на будучыню нашай краіны, чым выбары ў самой Італіі, калі б яны ні адбываліся. Калі ў якасці вырашальнай гіры на шалі вагаў апынуцца лібералы і яны ўвойдуць ва ўрад, то іх старшыня Крысціян Лінднэр атрымае партфель міністра фінансаў. І ў такім выпадку Германія пачне люта настойваць на павяртанні да фіскальнай і манетарнай эканоміі. Калі Пакт стабільнасці і росту, укладзены краінамі ЕЗ, вернецца да свайго дакавідовага варыянту, то для Італіі гэта будзе азначаць нестабільнасць, спад эканамічнага росту і павелічэнне дзяржаўнай запазычанасці», – папярэджвае італьянскае выданне.

Урад Вялікабрытаніі мае намер спрасціць атрыманне візаў для кіроўцаў-дальнабойнікаў. Такім крокам улады спадзяюцца вырашыць праблемы з пастаўкамі бензіну і прадуктаў харчавання. Магчымасць часовай працы ў краіне мяркуецца надаць 5000 дальнабойнікам і такой жа колькасці спецыялістаў па перапрацоўцы мяса птушкі. Аглядальнікі лічаць, што сітуацыя, якая склалася, сталася вынікам памылковых палітычных рашэнняў, прынятых са спазненнем.

На думку брытанскай газеты The Observer, перабоі з пастаўкамі абумоўлены не столькі пандэміяй, колькі рашэннем краіны выйсці з ЕЗ.

«Негатыўныя наступствы брэкзіта даюць аб сабе ведаць не толькі ў галіне паставак прадуктаў харчавання: крызіс разгортваецца і ў сферы дагляду хворых і нямоглых, дзе пануе недахоп рук, абумоўлены як пандэміяй, так і новымі іміграцыйнымі правіламі. Пандэмія, магчыма, пагоршыла сітуацыю, але зірніце на тое, што адбываецца ў сферы энергетыкі, забеспячэння харчаваннем і аховы здароўя! Цалкам відавочна, што гады пагарды жыллёвым будаўніцтвам, аховай здароўя і базавай інфраструктурай ў спалучэнні з амаль фанатычнай апанаванасцю правых палітычных сілаў ідэяй брэкзіту вельмі дорага абыйдуцца жыхарам Вялікабрытаніі», – канстатуе брытанскае выданне.

На Эльбрусе група з 19 альпіністаў трапіла ў моцную завею. Пяцёра загінулі, а з тых, каго ўдалося выратаваць, адзінаццаць былі шпіталізаваны з траўмамі і абмаражэннямі. Свой тур альпіністы забраніравалі праз звычайнае турыстычнае агенцтва. Эльбрус, вышыня якога складае 5642 метры, з’яўляецца самай высокай гарой у Расеі і ў Еўропе. Аглядальнікі крытыкуюць практыку камерцыйных альпінісцкіх тураў на Каўказе, якія не маюць пад сабой аніякай заканадаўчай базы.

Расейскае выданне „Взгляд” раіць чытачам трымацца падалей ад камерцыйнага альпінізму:

«Галоўная мэта камерцыйных фірмаў – прыбытак. Калі адмяніць узыходжанне ў горы людзей, якія заплацілі за такі «атракцыён» у прыгожых чырвоных куртках немалыя грошы, напэўна фірма атрымае негатыўныя водгукі ў Сеціве. Таму людзей возяць на канатцы і ратраках, ствараючы ім цяплічныя ўмовы, якія ў выніку працуюць супраць іх акліматызацыі. Усім, хто пытае пра горы, трэба ведаць наступнае: камерцыйны альпінізм – зло. Калі вам падабаюцца горы, запішыцеся ў альпінісцкі клуб: на працы, у прафсаюзе, пры ВНУ. Калі вам абяцаюць «гарантаванае ўзыходжанне» ці вы бачыце словы 4 «канаткі» і «ратрак», бяжыце. Запомніце, што ў гарах не бывае ніякіх гарантый», – адзначае расейскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя