Дзяніс Лісейчыкаў: Роля ўніяцтва значная, але не толькі яно мусіць выратаваць Беларусь
У Супраслі на выходных насуперак арганізацыйным цяжкасцям прайшла Міжнародная навуковая канферэнцыя пад назвай „Манастыр Супрасль і эліта Польскай Рэспублікі”. Большасць беларускіх удзельнікаў не змаглі прыехаць у Польшчу і толькі назіралі за анлайн-трансляцыяй, згубіўшы самае каштоўнае – навуковае абмеркаванне.
Наша карэспандэнтка паспрабавала выправіць такую недарэчнасць і паразмаўляла з адным з такіх віртуальных гасцей-беларусаў, «Госцем Рацыі» – намеснікам дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі, кандыдатам гістарычных навук, Дзянісам Лісейчыкавым пра гісторыю Супрасльскай уніяцкай епархіі, моцныя і слабыя рысы ўніяцтва, а таксама ягонай ролі ў станаўленні Беларусі.
РР: Якія здабыткі мы маем сёння, каб сказаць, што гэта сапраўды спадчына ўніяцтва?
Дзяніс Лісейчыкаў: Калі мы паглядзім на іканапіс, на тое, якое было ўнутранае ўбранства цэркваў, то чыста па-мастацку гэта адрозніваецца ад навакольных культур, ад традыцыі той жа самай Рускай праваслаўнай царквы. Калі гаварыць пра мову літургічную, то яна была аднолькавай – царкоўна-славянскай – што ва ўніяцкай царкве, што ў праваслаўнай. Доўгі час практыкавалася выкарыстанне народнай гаворкі. І мы можам у пэўным сэнсе сказаць, што найбольш і найдаўжэй народная гаворка ў пропаведзях выкарыстоўвалася ва ўніяцкай царкве. І таму многія схільныя лічыць яе быццам бы царквой нацыянальнай ці протанацыянальнай. Амаль 95 працэнтаў парафіянаў уніяцкіх цэркваў – гэта было беларускае сялянства ў тыя часы. І таму зразумела, што яны не лацінскую мову, ні польскую збольшага не разумелі.
РР: Ці можам мы казаць пра ўплыў уніяцтва на фармаванне беларускага народу, беларускай нацыі?
Дзяніс Лісейчыкаў: Я лічу, што так. Станоўчы ўплыў аказала гэтая царква. Таму што яна прымусіла задумацца ў першай чвэрці 19 стагоддзя, калі трошкі пачалі актывізоўвацца працэсы нацыятворчыя, што ёсць пэўная група насельніцтва, якая канфесійна адрозніваецца ад рыма-каталіцтва, ад праваслаўя. І гадоў 20 – 30 спрабавала ўніяцкая царква знайсці сваё месца. І быў нейкі імпульс, каб задумацца, а хто мы такія? Якая нашая традыцыя і ўвогуле, чым мы адрозніваемся ад іншых? Але пасля, калі структуры царквы былі далучаныя да царквы праваслаўнай, тады ўжо гэтае пытанне было трохі знята з павесткі дня. Але, безумоўна, гэты імпульс быў, існаваў у пачатку 19 стагоддзя.
РР: Якім вы бачыце будучыню ўніяцтва ў Беларусі?
Дзяніс Лісейчыкаў: Насамрэч, калі ёсць запатрабаванасць людзей, то любы чалавек можа мець любое веравызнанне. Але сапраўды, у нас зараз мала парафій уніяцкіх. З многімі вернікамі гэтай канфесіі я вельмі добра знаёмы, хоць сам не будучы грэка-каталіком. Як правіла гэта культурныя, інтэлігентныя людзі, якія цікавяцца гісторыяй, якія прыйшлі да ідэі уніі праз вывучэнне гісторыі. Мне хацелася б проста, каб у нас не ствараўся пэўны жупел з той ці іншай канфесіі. Гэта традыцыйная наша канфесія, таму мне хацелася б, каб у будучыні ў нас існавала ў тым ліку і такая галіны Хрысціянства.
РР: То бок, калі ўзяць беларускае адраджэнне пасля вялізнага палітычнага крызісу, яно мусіць базавацца, напэўна, не на рэлігіі, а на чымсьці іншым?
Дзяніс Лісейчыкаў: Мне вельмі не падабаецца той момант, што часта хочуць сказаць, што менавіта ўніяцтва прэтэндуе на нейкую ролю нацыянальнай царквы. Гэта не правільна. Увогуле, у царквы павінна іншая місія быць, каб чалавек быў бліжэй да Бога, а не належаў да нейкай этна-канфесійнай групы. Мне якраз падабаецца, што Беларусь – краіна не монаканфесійная, а поліканфесійная. І няма такой у нас ідэі, што ёсць такая адна галіна Хрысціянства ці іншай рэлігіі, якая выступае ў якасці дзяржаўнай. І ўласна, чым будзе больш канфесій, тым, напэўна, будзе лепш для беларускага грамадства.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Дзяніса Лісейчыкава