58% беларускіх стартапаў з’ехалі з Беларусі
Экасістэма стартапаў Беларусі перажывае глыбокі крызіс, а некаторыя яго наступствы ўжо непапраўныя або для ліквідавання іх спатрэбяцца дзесяцігоддзі. Да такіх высноў прыйшлі эксперты Imaguru ў справаздачы аб жыцці беларускіх стартапаў пасля прэзідэнцкай электаральнай кампаніі 2020 года, як паведамляе belbiz.
Эксперты правялі апытанне беларускіх стартапаў: пыталіся пра іх дзейнасць, выніковасць і перспектывы ва ўмовах палітычнага і эканамічнага крызісу ў Беларусі, выкліканага выбарамі мінулага года і падзеямі, звязанымі з імі.
Сярод найбольш частых наступстваў палітычнага крызісу стартапы адзначаюць рэлакацыю бізнэсу (52%), змяненне планаў і дадатковыя выдаткі (45%), пагаршэнне доступу да знешняга фінансавання (32%), пагрозы развіццю бізнэсу (28,5%), зніжэнне эфектыўнасці працы каманды (27%).
Чвэрць заснавальнікаў не плануюць вяртацца ў Беларусь. Для астатніх асноўнай умовай вяртання з’яўляюцца дэмакратычныя перамены.