Абвешчаны конкурс на лепшае эсэ пра Чарнобыльскую катастрофу
У Беларусі будзе праходзіць конкурс для студэнтаў ды школьнікаў па напісанні эсэ, які арганізуе “Беларускі архіў вуснай гісторыі”. Яго назва “Чарнобыльская катастрофа і яе наступствы ў памяці жыхароў Беларусі”. Кажа старшыня Рады конкурсу, доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.
– Мы прапануем студэнтам, а таксама навучэнцам каледжаў, вучням старэйшых класаў Беларусі самастойна напісаць нейкі свой варыянт гісторыі Чарнобыльскай катастрофы, размаўляючы з людзьмі, якія мелі тое ці іншае дачыненне да гэтай бяды. Гэта могуць быць ліквідатары, перасяленцы, лекары, якія сутыкаліся з хворымі, нават колішнія дзеці, якія выязджалі на аздараўленне ў Еўропу, альбо людзі, якія займаліся ліквідацыяй вынікаў аварыі, адміністрацыйныя чыноўнікі, якія мелі да гэтага дачыненне. Фактычна ўся Беларусь з’яўляецца сёння Чарнобыльскай зонай.
Тэрмін правядзення конкурсу з 15 красавіка па 15 кастрычніка. “Беларускі архіў вуснай гісторыі” заахвоціць каштоўнымі прызамі тых аўтараў, якія зоймуць першыя месцы. Галоўны прыз – ноўтбук. З умовамі конкурсу можна пазнаёміцца на сайце праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі”.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота ria.ru