Жыхара Гомеля асудзілі за садраны дзяржаўны сцяг



28 верасня суд Савецкага раёну Гомеля пакараў мясцовага жыхара Вячаслава Савічава годам пазбаўлення волі за «здзек з дзяржаўнага сімвала». Шкоду ад здейсненага ацанілі ў 21 рубель.

Справу разглядала суддзя Аліна Кошкіна.

Паводле матэрыялаў справы, 38-гадовы Вячаслаў Савічаў 20 ліпеня апоўначы ішоў  па Рэчыцкім праспекце. На будынку ён заўважыў сцяг.

«Я быў выпіўшы. Вырашыў праверыць свае здольнасці — ці даскочу да сцяга. Скокнуў, ухапіўся за яго, дрэўка зламалася, сцяг упаў. Я ўбачыў мінака, які стаяў на прыпынку, спужаўся і адпіхнуў сцяг нагой», — тлумачыў на судзе абвінавачаны.

Мінаком аказаўся супрацоўнік міліцыі. Ён вяртаўся з працы, і тут жа затрымаў чалавека, піша Радыё Свабода.

«Убачыў грамадзяніна, які трымаў сцяг, потым ён яго адкінуў нагой. Я падышоў, сказаў: „Міліцыя“. Мне ён патлумачыў свае дзеянні, што яму не падабаецца гэты сцяг. Прасіў яго адпусціць. Я выклікаў нарад і сказаў яму, што калі не падабаецца гэты сцяг — хай едзе ў іншую краіну, там будзе іншы сцяг», — казаў на судзе міліцыянт Пётр Рачкоў.

Сцяг належаў камунальнаму прадпрыемству, каштаваў 21 рубель. Абвінавачаны купіў і занёс ім новы сцяг.

Вячаслаў Савічаў сказаў, што раскайваецца. На следстве ён сведчыў, што сарваў сцяг, бо «іх занадта шмат вісела па горадзе», і што «трымаецца далей ад палітыкі».

Пракурорка папікала абвінавачанага тым, што ён нідзе не працуе. «На што вы жывяце? Чаму не шукаеце нармальную працу? Сям’ю не плануеце заводзіць? Ці дапамагаеце вы сваім бацькам? Чаму ў вас няма сталага заробку — вы ж мужчына ў самым росквіце сіл!» — пыталася пракурор.

Яна прасіла пакараць абвінавачанага годам калоніі агульнага рэжыму. Суддзя падтрымала прапанову. 

Вячаслава Савічава ўзялі пад варту ў залі суду.

spring96.org