У праграме фестывалю „Напрамак Усход” – змены
У праграме беластоцкага тэатральнага фестывалю „Напрамак Усход” – змены.
З-за каронавірусу не змаглі прыехаць акторы з Любліна, іх спектакль „Сабачае сэрца” па класічным творы Міхаіла Булгакава – паказалі анлайн. А вось трэцяга кастрычніка ў беластоцкім кінатэатры „Ton”, на месцы, дзе павінны былі выступаць люблінскія акторы пакажуць спектакль – беластоцкай тэатральнай незалежнай групы. Падрабязнасці распавядае Юліта Сцепанюк з аддзелу маркетынгу і камунікацыі беластоцкага драматычнага тэатру:
– Мы заўсёды дбаем, каб фестываль развіваўся. Падумалі, што калі маем залю ў кінатэатры „Тon”, калі маем магчымасці, то тады добра было б паказаць другі спектакль. „Ja” – гэта беластоцкі тэатр, які пакажа „Made in Heaven”. Гэты спектакль апавядае альтэрнатыўную гісторыю пра стварэнне сусвету. Думаем, што гэта будзе вельмі файны беластоцкі акцэнт з альтэрнатыўных тэатраў.
Наперадзе таксама спектаклі беларусаў – сёння а 19.00 паводле мясцовага часу на сцэне Кіно ТОН – тэатральная група „Свабодныя купалаўцы” са спектаклем „Я”, заўтра (30 верасня) – выступяць прадстаўнікі незалежнага тэатральнага праекту са спектаклем „ГэтаМы”. Паказ адбудзецца ва ўніверсітэцкім цэнтры культуры на вуліцы Цыялкоўскага 1N.
Беларускае Радыё Рацыя