Жонцы Мікалая Статкевіча чарговы раз адмовілі ў сустрэчы з мужам
Пра гэта Марына Адамовіч паведаміла ў сацыяльных сетках. Мікола Статкевіч за кратамі з 31 траўня 2020 году. Цяпер палітыка трымаюць у Гомельскім СІЗА, а суд, які распачаўся 24 чэрвеня, праходзіць у закрытым рэжыме. На паседжанні не пускаюць нават сваякоў абвінавачаных з мэтаю «гарантавання бяспекі ўдзельнікаў працэсу і абароны таямніцы, якая ахоўваецца законам». Абсалютна не вядома на якой стадыі гэты працэс, кажа Марына Адамовіч:
„Я нічога пра гэта не ведаю, ведаю тое ж самае, што і Вы. Адвакаты маюць падпіску аб неразгалошванні, яны ўвогуле нічога не кажуць. Адзінае што я магу сказаць, што на апошнюю заяву аб прадастаўленні нам спаткання атрымала чарговую адмову, і яна была падпісана новым чалавекам. Мне падаецца, што гэта той новы „суддзя”, які зараз працягнуў працэс”.
Рашэнне прыняў суддзя абласнога суду Гомля Мікалай Доля, які мае працягваць працэс, паколькі ранейшага суддзю павысілі. Акрамя Мікалая Статкевіча фігурантамі па «справе Ціханоўскага» праходзяць яшчэ пяць чалавек: Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, Уладзімір Цыгановіч, Арцём Сакаў і Дзмітрый Папоў. Іх абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, распальванні сацыяльнай варожасці ў Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў.
Беларускае Радыё Рацыя