Ці ліквідуюць улады ТБМ?



Скарга Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны праз Вярхоўны суд на Міністэрства юстыцыі з-за вынесенага папярэджання 19 ліпеня сёлета незадаволеная. Але ТБМ пакуль застаецца дзейснай арганізацыяй. 

Што дала для арганізацыі спроба адстаяць законнасць сваіх дзеянняў, кажа старшыня ТБМ Алена Анісім, якая пакуль валодае толькі вуснымі звесткамі з рашэння Вярхоўнага суда:

–  Што гэта значыць для арганізацыі? Гэта значыць тое, што фактычна мы месяц змаглі працаваць больш-менш спакойна, таму што нам удалося спыніць справу аб ліквідацыі, якую распачало Міністэрства юстыцыі ў адносінах да нашай арганізацыі.

Асноўныя нашыя аспрэчванні тычыліся таго, што Міністэрства юстыцыі паставіла нам у віну, на падставе чаго і было папярэджанне, што мы адаслалі не такую фінансавую справаздачу, якую б яны хацелі бачыць. Пры гэтым яны спасылаліся на закон аб процідзеянні там розным фінансавым сродкам, здабытых нелегальным шляхам, супрацьдзеянне тэрарыстычнай дзейнасці і г.д. Усе нашыя довады пра тое, што мы ніякім чынам заканадаўства не парушылі, мы сваю фінансавую справаздачу адаслалі своечасова, у нашай фінансавай справаздачы пазначаныя ўсе неабходныя звесткі, не палічылі патрэбным прызнаць.

Самае важнае для нас ва ўсёй гэтай справе, што ўсе судовыя пасяджэнні праходзілі на дзяржаўнай беларускай мове, пры гэтым і суддзя Валянціна Кулік, і пракурор  Уладзімір Ляўданскі, і таксама прадстаўніца мінюста вымушаныя былі размаўляць па-беларуску. Таму гэта вельмі вялікі плюс, гэта я і адзначыла ў сваім выступе. Аднак Вярхоўны суд палічыў, што доказы Міністэрства юстыцыі больш моцныя, што яго аргументы больш важкія, чым усё тое, што спрабавала даказаць Таварыства беларускай мовы.

Судовае разбіральніцтва па скарзе ТБМ на Міністэрства юстыцыі праводзілася па-беларуску. І гэта адзіны хіба станоўчы бок рэакцыі суда і юстыцыі на справу ТБМ. Але ілюзіяў у святле закрыцця дзясяткаў грамадскіх арганізацыяў па краіне сябры Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны не маюць. Даты ліквідацыйнага суда над ТБМ пакуль не было абвешчана.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя