Недавер як вірус



Недавер, быццам вірус, імгненна распаўсюджваецца ў грамадстве, якое саспела да недаверу і падазрэнняў.

Устойлівы недавер да афіцыйных краніцаў інфармацыі мае свае прычыны, і нарадзіўся ён не ўчора, шаноўныя. Таму, чытаючы лічбы хворых на каронавірус і памерлых ад гэтай хваробы, мы не верым афіцыйнай статыстыцы, як не верылі раней у статыстыку па анкалогіі ды сардэчна-сасудзістых захворваннях. Жыццё паказвала іншую статыстыку… Але! Ведаючы, што распачалася чацвёртая хваля ковід 19, мы не верым у прышчэпкі як абарону, хоць і айчынныя, і замежныя лекары сцвярджаюць, што гэта адзіны шанец не захварэць сур’ёзна, не трапіць у шпіталь, не памерці.

У Беларусі вельмі малы працэнт вакцынаваных для еўрапейскай (будзем казаць хоць пра месца на глобусе!) дзяржавы. І рэкордна вялікі працэнт антыпрышчэпачнікаў сярод людзей розных узростаў і розных палітычных поглядаў. Пажылыя людзі – дыябетыкі і сардэчнікі, медыкі і не медыкі – баяцца прышчэпак і ўскладненняў ад іх… Маладаыя хлопцы і дзяўчаты нічога не баяцца, а вакцыну лічаць глупствам і непатрэбствам, бо хтосьці дзесьці захварэў менавіта пасля вакцыны (і ад вакцыны?). І ўсе чыталі “ў інтэрнэтах”, што нельга зрабіць добрую вакцыну за абмежаваны час… Добры вірус можна? А хварэюць, на жаль, усе. Нечакана, хутка і з пабочнымі рэакцыямі.

Нават афіцыйная медыцына пачала дзяўбсці пра вакцыну, але недавер – няпросты вірус. Надзіва ўстойлівы ў сваіх мутацыях. Не паддаецца тэрапіі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ