Карбалевiч: Стан грамадзянскай вайны, няхай нават халоднай, непазбежна прыводзіць да такога выніку



У аўторак у перастрэлцы ў кватэры ў Менску быў забіты 31-гадовы гаспадар Андрэй Зельцэр і адзін з тых сілавікоў, якія ўварваліся ў кватэру, – супрацоўнік КДБ. Аглядальнiкi – пра трагедыю на Якубоўскага.

Валер Карбалевiч: «Чакаю ўзмацнення тэрору»

– Рана ці позна гэта павінна было здарыцца, – мяркуе ў экспрэс-каментары «Салiдарнасцi» палітолаг. – Стан грамадзянскай вайны, няхай нават халоднай, непазбежна прыводзіць да такога выніку. Бязмежжа дзяржавы, у рэшце рэшт, вядзе да таго, што ахвяры таксама становяцца на шлях бязмежжа; адно цягне за сабой другое. Таму я, на жаль, не здзіўлены ўчорашнімі навінамі. Тое, што адбылося, на мой погляд, заканамерна.

Што будзе далей? Думаю, яшчэ больш жорсткае закручванне гаек. Гэта адзіная логіка ўладаў, адзіны інстынкт, які спрацоўвае, так бы мовіць, на ўсе выклікі – кожны раз адказваць яшчэ больш жорсткімі дзеяннямі. Ніякіх іншых варыянтаў улада не бачыць, не разумее і не хоча разумець…

Таму – так, я чакаю ўзмацнення тэрору.

Вiталь Цыганкоў: Які «транзіт улады», калі «вайна ідзе»?

– Кажуць, што інцыдэнт з забітым супрацоўнікам КДБ можа даць падставы ўладзе канчаткова развязаць рукі. Гэта, канешне, прагноз, які ляжыць на паверхні, – пiша публiцыст. – Прызнаюся, я на дадзены момант не веру ў нейкі фэйк, у правакацыю – падаецца, такія падзеі могуць здарацца ўсё часцей. У людзей знішчылі магчымасць мірнага пратэсту, адчай і безвыходнасць будзе нараджаць такія сітуацыі.

Што мне падаецца больш невідавочным – гэта імавернасць увядзення пасля такога здарэння ці (напрыклад) серыі такіх здарэнняў ваеннага становішча.

Лукашэнка і так яўна думае, як бы абысці ці адмяніць гэтую непрыемную яму «канстытуцыйную рэформу». А калі юрыдычна ўводзіцца ваеннае становішча – дык якія выбары, якія рэферэндумы, які «транзіт улады», калі «вайна ідзе».

Дарэчы, падставай могуць быць і нейкія інцыдэнты на мяжы. Ваеннае становішча выглядае даволі лагічным развіццём эвалюцыі гэтай улады.

gazetaby.com