Еўразвяз праз злоўжыванні можа скасаваць бязвіз Украіне, Грузіі і Малдове



Некаторыя краіны Еўрапейскага Звязу паставілі пытанне аб магчымасці адмены бязвізавага рэжыму з краінамі Заходніх Балкан, а таксама з Украінай, Грузіяй і Малдовай праз злоўжыванні з боку грамадзян гэтых краін.

Пра гэта гаворыцца ва ўнутраным дакуменце ЕЗ напярэдадні паездкі старшыні Еўрапейскай камісіі Урсулы фон дэр Ляен на Заходнія Балканы. Чакаецца, што дзяржавы-ўдзельніцы абмяркуюць гэтае пытанне 13 кастрычніка.

Злоўжыванні, якія выклікалі раздражненне ў краінах ЕЗ, — гэта незаконнае пражыванне бязвізавых грамадзян і неабгрунтаваныя хадайніцтвы аб наданні прытулку.

Згодна з дакументам, Нямеччына, Францыя і Італія апошнім часам усё больш расчараваныя злоўжываннем бязвізавым рэжымам. У дакуменце згадваецца рост «правапарушэнняў, звязаных з несанкцыянаваным пражываннем» з боку грамадзян Албаніі, Малдовы, Украіны і Сербіі.

Візавы рэжым ЕЗ для Чарнагорыі, Сербіі і Паўночнай Македоніі быў адменены ў  2009 годзе, для Албаніі і Босніі ў 2010, для Малдовы ў 2014 годзе, а таксама для Грузіі і Украіны ў 2017 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя