Строфы Ніла Гілевіча пра родную мову



У чацвер, 30 верасня, народнаму паэту Беларусі Нілу Гілевічу споўнілася б 90 гадоў з дня нараджэння.

Колькі жыў паэт, столькі гадоў ён адваёўваў для роднае беларускае мовы права на жыццё. Вось некалькі строф Ніла Гілевіча з яго вершаў, прысвечаных роднай мове.

***

Родная мова! Ты воч не расі!

Лёс твой – свабода.

Іменна ты незалежнасць дасі

Духу народа.

***

Я — беларус, i я шчаслiвы, Што мацi мову мне дала, Што родных песень пералiвы I зблiзку чую, i здаля.

***

Родным словам мы грознай парою Гуртавалi шыхты змагароў, З родным словам на вуснах герояў Запякалася чырванню кроў.

***

Як ты дорага мне, мая родная мова!

Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!

Ты калісьці з калыскі мяне падымала

I вучыла ў бацькоў на руках гаварыць.

***

Край мой беларускі, край! Дай ты мне паслухаць, дай! Як на лад пявучы Старажытнай мовы Тут гамоняць пушчы, Там шумяць дубровы, — Дай жа мне паслухаць, дай!

*** Вітаю шчыра, незмусова

I зычу ўсім: што моцы ёсць —

Трымайце ў славе наша слова:

Яно ўладар тут, а не госць!

***

Народ! Калі ты ёсць народ,

А не бязвольны раб дармовы, —

Не дай пусціць сябе на звод:

Не выракайся роднай мовы!

***

Каб перш чым свет імглою паплыве,

Я мог сказаць: „Ну вось, і мне не страшна:

Як ні душылі, а Яна — жыве!

Жыве, жыве святая Мова наша!”

***

У школе, тэатры і з кожнай трыбуны –

Хай чуюцца нашы пявучыя гукі.

Ад сэрца да сэрца – ці свята, ці будні –

Ідзі, мая мова, ідзі без прынукі!

***

Родныя гукі…

З гукаў – родныя словы…

А з словаў – песні,

Казкі, паэмы, драмы,

Жыццё, Радзіма, народ!

Беларускае Радыё Рацыя