Турэмныя цэнзары прапусцілі толькі палову ліста ад Алеся Пушкіна



Віцебская журналістка, былая супрацоўніца Tut.by Таццяна Матвеева лістуецца з палітвязнем некалькі месяцаў.

Апошні ліст ад яго, атрыманы з турмы, яна назвала “дзіўным”:

– Дзіўны, бо ён з пачаткам, але без канца. “Добры дзень, Таццяна”, потым ідзе ліст, ёсць малюнак – гэта Пушкін намаляваў сябе ў Віцебску. І ў лісце ен разважае пра конкурс прыгажосці “Міс Беларусь”: маўляў, як гэта так, што Міс Беларусь па-беларуску ні слова не сказала. І там ёсць фрагмент, запэцканы ручкай – відаць, што працаваў турэмны цэнзар. І на гэтым абрываецца ліст.

Таццяна Матвеева лістуецца са многімі палітвязнямі. А каб звесткі пра іх сталі здабыткам грамадскасці, ці, прынамсі, сяброўскага кола, спадарыня Таццяна вядзе на сваёй старонцы ў Фэйсбуку адмысловую рубрыку “Лісты з-за кратаў” . Яна піша як знаёмым – прыкладам, калегам-журналістам, так і зусім незнаёмым людзям, і дужа радуецца кожнаму радку ў адказ. На думку спадарыні Таццяны, напісаць ліст палітвязню – гэта самае простае, што можа зрабіць кожны, каб падтрымаць тых, хто церпіць за сваю грамадзянскую мужнасць.

Беларускае Радыё Рацыя