Марыя Калеснікава адмовілася прасіць Лукашэнку аб памілаванні
Марыя Калеснікава, асуджаная на 11 гадоў зняволення, не будзе прасіць Аляксандра Лукашэнку аб памілаванні. Пра гэта яна паведаміла ў лісце расейскаму інфармагенцтву РБК.
Палітзняволеная напісала, што ёй неаднаразова прапаноўвалі здзелку, у тым ліку даць інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлеканалу. За гэта абяцалі скараціць тэрмін зняволення або ўвогуле выйсці на волю, але яна кожны раз адмаўлялася. „Прапановы сям’і пакінуць Беларусь, напісаць прашэнне аб памілаванні, лісты, зняцца ў кіно і быць на волі — гэта сведчанні таго, што ўлада не разумее, што праблема не ўва мне і ў Максіму [Знаку], праблема ў тым, што ўлада страціла легітымнасць, давер у вачах беларусаў”, — перадае РБК словы Калеснікавай.
Марыя дадае, што не можна верыць „бандзе напарстачнікаў”. «41 том матэрыялаў – збор макулатуры, які ні пра што, акрамя нашай невінаватасці, не сведчыць, нягледзячы на вартыя жалю спробы ўкараніць фэйкавыя доказы», – кажа палітзняволеная. У лісце Калеснікава назвала абвінавачанне „поўнай ахінеяй, складзенай па невядомых дагэтуль граматычных і лагічных правілах”.
Нагадаем, што суд над Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам быў закрытым. Усе ўдзельнікі працэсу давалі падпіску аб неразгалошванні.