У Глыбокім прайшоў чарговы ператрус
У Глыбокім сілавікі правялі яшчэ адзін ператрус. Ён адбыўся 30 верасня ў Руслана Рагоўскага.
Міліцыянты зладзілі яго па заданні Следчага камітэта. Як паведамілі мужчыне, ён праводзіўся ў межах крымінальнай справы. Міліцыянты высвятлялі, ці датычны Руслан да справы аб надпісах, якія ўзніклі на будынках Глыбокага некалькі месяцаў таму. Быццам бы яны мелі змест апазіцыйнага характару і тычыліся абразы сілавікоў.
Як кажа Руслан Рагоўскі, ён чакаў, што і да яго калісьці прыйдуць, бо ў большасці глыбоцкіх актывістаў ужо былі ператрусы:
– Яны мяне забралі з працы, гэта было ў першай палове дня. Мне ўсё патлумачылі, і паехалі. Былі яны ўтрох, адзін з іх Васіль Арлоў, а вось астатніх я не ведаю, гэта маладыя хлопцы. Ужо пасля распавялі, што шукалі рэчы, якімі, магчыма, малявалі там у горадзе, надпісы пісалі
Як кажа Руслан Рагоўскі, у яго нічога не забралі, бо таго, што шукалі, у яго не было і не магло быць. Міліцыянты паводзілі сябе карэктна.
А вось яго сябру Аляксею Мурзічу з Глыбокага не пашанцавала. Ён нядаўна атрымаў штраф 50 базавых велічыняў і адседзеў трое сутак за падвесак (брелок) у машыне з Пагоняй.
– Мы глядзім “даішнікі” ходзяць ля машыны, фатаграфуюць, нешта там тэлефануюць. Гляджу – прыехалі, заходзяць, кажуць: так і так. Яго забралі ў аддзел. Я пайшоў і пачаў яго чакаць каля фантана. Гляджу – ён выйшаў, за ім – міліцыянт. Думаю, пэўна ж павязуць яго назад, да машыны. Я пабег туды, яны мяне апярэдзілі. Аляксей выйшаў з машыны, адразу закурыў. Я падумаў, што нешта ўсё ж зрабілася. Я пытаюся: што? А ён кажа, што яго садзяць на суткі.
Як стала вядома пазней, па адной з версій, падвесак у машыне Аляксея Мурзіча ўбачылі “кэдэбісты”, якія ішлі мімаходзь, і патэлефанавалі ў міліцыю, а па другой – яго заўважыў сам начальнік глыбоцкай міліцыі Валерый Круклінскі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: facebook.com