Спектакль па Горвату паказалі на фестывалі «Напрамак Усход»



Спектакль «Гэта Мы» – другі беларускі праект, які паказалі ў рамках тэатральнага фестывалю «Напрамак Усход». Спектакль паводле твора Андруся Горвата «Радзіва Прудок» граюць беларускія акторы, якія аб’ядналіся ў незалежны тэатральны праект. Большасць з гэтых акцёраў былі вымушаныя выехаць з Беларусі, нехта працуе таксістам ў Варшаве, а нехта ў краме з адзеннем. Збіраюцца разам, каб на сцэне сыграць Горвата. Расказвае тэатральная прадзюсарка Марына Дашук.

– Няма такога плану, як атрымліваецца – так атрымліваецца. З-за пандэміі, у нас з’явілася версія онлайн з польскімі тытрамі і па магчымасці стараемся ўжывую граць. Мне падаецца, што гэта важны праект, які трэба як можна больш паказаць людзям. Сам тэкст, сама кніга Горвата, у Беларусі ўсе ведаюць пра яе. Важна паказаць за мяжой, асабліва палякам.

У Беластоку ў рамках фестывалю «Напрамак Усход» – беларусы ўжо завершылі свае выступленні, раней мясцовыя тэатралы таксама маглі ацаніць спектакль «Я» свабодных «Купалаўцаў». Наперадзе яшчэ два спектаклі: польскі і армянскі. У нядзелю на сцэне Kina TON пакажуць спектакль „Made in Heaven” беластоцкай групы Coincidenta. А завершыць фестываль 4 кастрычніка – спектакль «Дэкамерон» у выкананні артыстаў з акадэмічнага тэатру Ерэвана.

Беларускае Радыё Рацыя