Беларуская тоеснасць



І дабрашчасны той, хто свет наведаў наш, вось у яго фатальныя хвіліны”. Так сказаў паэт. А паэты, кажуць, гучна гавораць тое, што ім на вуха ціхенька нашэптваюць Нябёсы. Ну мусіць жа хоць нехта ў нечым разбірацца, хаця б на ўзроўні ўнутранай інтуіцыі!

А зрэшты, не толькі адным паэтам Нябёсы нясуць Ісціну. Ёсць і такое меркаванне, што менавіта Народ ніколі не памыляецца, і сваім калектыўным розумам заўсёды абірае максімальна правільны шлях і прымае найлепшае на дадзены момант рашэнне і для сябе, і для будучых пакаленняў. І нават для тых, хто выступае, а часамі і змагаецца супраць таго абранага шляху.

Дык вось, Народ у гэтым пытанні, пра “дабрашчаснасць таго, хто наведаў наш свет у яго фатальныя хвіліны” мае сваё меркаванне. Бо старадаўні народны праклён у бок нядобрага суразмоўцы напэўна ёсць ва ўсіх народаў планеты і на ўсіх мовах свету гучыць прыкладна аднолькава: “А каб табе прыйшлося жыць у час пераменаў!”.

Так гавораць тым, каму жадаюць кепскага. Маўляў, у фатальныя хвіліны свету не будзеш мець ані пакою, ані прытулку, ані нават самай звычайнай мажлівасці на роздум. Адно толькі цярпець мусіш і ўвесь час змагацца за выжыванне. Ну, а калі ты ёсць сапраўдным змагаром, то яшчэ да апантанасці, не шкадуючы ні сябе ні навакольных, біцца за тое, каб хутчэй наблізіць змены да лепшага і, адпаведна, прыблізіць час стабільнасці, пакою ды гармоніі. Са cкуры вылазіць будзеш, каб хутчэй закончыліся тыя “фатальныя хвіліны”, пра якія так хораша выказаўся паэт.

На Беларусі зараз надышоў, ды нават крыху ўжо зацягнуўся акурат такі час, калі ўсё гэта можна праверыць і ўбачыць на свае вочы, ды адчуць на сваёй скуры. І зразумець, што і Народ і паэт выказаліся цалкам праўдзіва, толькі кожны з свайго боку. Ну і справядлівасці дзеля трэба сказаць, што фатальныя хвіліны зараз не толькі ў нас, беларусаў. Яны то па ўсім свеце паказваюць непераадольную і непазбежную сілу Фатуму. Але ў нас, беларусаў, як заўсёды гэты працэс найбольш абвостраны, і як ва ўсе ранейшыя часы набывае настолькі вялікую сілу трагізму, што гаворка чарговы раз заходзіць пра пагрозу існавання самога этнасу.

А вось такой гістарычнай канцэнтрацыяй агульнанацыянальнай небяспекі, калі існаванне самабытнасці і тоеснасці народу зноў магутныя сілы свету спіхаюць на самы край бездані, мала хто можа пахваліцца! І душы паэтаў, нават тых, хто не напісаў у сваім жыцці яшчэ аніводнага рыфмаванага радка, пачынаюць балець за незалежнасць краіны. Народ жа змагаецца за сваё з нейкай магутнай унутранай інтуітыўнай упэўненасцю, што няма такой на свеце сілы, якая б магла тую незалежнасць паглынуць.

Я заўсёды здзіўляўся гэтай гістарычнай упэўненасці беларускага народу. Бо гэта такая невытлумачальная ўнутраная ўпэўненасць, якая сінаніміруе з цвёрдай генетычнай перакананасцю. Здзіўляўся як гісторык, аналізуючы мінулыя часы і падзеі, здзіўляюся і як сучаснік пераломнай эпохі. Напэўна гэты народ, які жыве і ў геаграфічным цэнтры Еўропы, і яшчэ ў дадатак у этнічным цэнтры рассялення еўрапейскіх народаў, мае тую ўпэўненасць у сваім генетычным кодзе. Ён жыве на Зямлі, з якой ва ўсе кірункі выцякаюць рэкі, як насычаная жыццядзейным кіслародам кроў, што дае жыццё ўсяму целу, выцякае ад сэрца. Таму ён нешта ў сваім генетычным розуме ведае такое, што і паэтам не дадзенае. Бо колькі разоў ужо ішоў па мяжы, але аніводнага разу не зваліўся.

І не зваліцца. Гэта яскрава становіцца зразумелым зараз, у гэты фатальны час, насычаныя трагізмам, падзеямі і надзеямі. І пасля кароткага перапынку, вярнуўшыся з-за мяжы і глянуўшы свежым вокам на сённяшнюю беларускую рэчаіснасць, гэта становіцца зразумелым у інтуітыўным вымярэнні.

Беларуская тоеснасць ёсць велічыня пастаянная і незнішчальная. Беларусы зараз не ведаюць ні праўдзівай мінуўшчыны, ні сваёй бліжэйшай будучыні. Вымалёўваюцца розныя сцэнары, ад трагічных, да фантастычна абнадзейваючых. Але тое, што можа згубіцца беларуская тоеснасць, то тое і ў галаву не прыходзіць на ўзроўні ўсяго грамадства. Гэта і ёсць гарантам яе маналітнай трываласці.

А сённяшні фатальны час толькі пацвярджае тое.

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ