Землякі ўшанавалі доктара Івана Шэгу



Пяць гадоў таму не стала ў Слоніме доктара і грамадска-палітычнага дзеяча Івана Шэгі (1953-2016). Сябра і землякі наведалі магілу Івана Іванавіча, усклалі кветкі і памянулі яго хвілінай маўчання.

Іван Шэга быў родам з Наваградчыны. Пасля заканчэння Менскага медінстытута, працаваў хірургам у Капылі, а ў 1980 годзе з жонкай прыехалі на яе радзіму ў Слонім.

Працаваў у траўматалагічным аддзяленні Слонімскай бальніцы, шмат аперыраваў, праходзіў стажыроўкі ў Менску, Ленінградзе, Маскве, Запарожжы. Авалодаў методыкай мануальнай тэрапіі, што тады было вельмі модна. У Слонімскай паліклініцы па ягонай ініцыятыве быў адкрыты кабінет мануальнай тэрапіі, пазней на базе аздараўленчага комплексу слонімскага кардонна-папяровага завода «Альбярцін» ім было арганізавана малое прадпрыемства «Фенікс», якое займалася аказаннем дапамогі хворым з астэахандрозам. На жаль, праз два гады, па прычыне рэканструкцыі тэрыторыі завода, прадпрыемства «Фенікс» было закрыта.

Але доктар Іван Шэга не адчайваўся, а стараўся працаваць сур’ёзна, павышаць свой медыцынскі вопыт, нягледзячы на ўсе праблемы і кур’ёзы. Ён у 1996 годзе стаў спецыялістам вышэйшай катэгорыі. Хворыя стараліся трапіць менавіта да яго на прыём. І доктара ў Слоніме сталі ведаць амаль усе.

У 1994 годзе Слонім наведалі тагачасныя дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі разам з Зянонам Пазьняком. На сустрэчу з імі прыйшлі каля тысячы чалавек, зала РДК не магла ўсіх умясціць. Пасля выступлення Зянона Пазьняка Іван Шэга адразу напісаў заяву на ўступленне ў БНФ. З таго часу, акрамя сваёй прафесійнай дзейнасці, стаў паціху займацца грамадска-палітычнай. У выніку Іван Іванавіч перамог на мясцовых выбарах 2003 года, стаў дэпутатам Слонімскага раённага Савета.

Некалькі разоў слонімскі доктар балатаваўся на выбарах у палату прадстаўнікоў. Але яго ўлада не дапускала.

У  2012 годзе Іван Іванавіч зарэгістраваў недзяржаўную інфармацына-кансультатыўную ўстанову «Шэгамедкансульт».  А ў 2016 годзе ён паспеў яшчэ патрымаць у руках сваю кнігу публіцыстычных артыкулаў на грамадска-палітычныя, культуралагічныя і медыцынскія тэмы “Пра краіну і пра нас”.

Аксана Хмяльніцкая, Беларуская Радыё Рацыя

Фота аўтара