У Кіеве працягваецца расследаванне смерці Віталя Шышова



У Кіеве працягваецца расследаванне смерці заснавальніка Беларускага Дома ва Украіне Віталя Шышова.

26-гадовы мужчына знік у Кіеве 2 жніўня падчас прабежкі, а на наступны дзень быў знойдзены павешаным у мясцовым лесапарку. Як высветлілася, незадоўга да смерці Віталя незнаёмыя імкнуліся ўцягнуць мужчыну ў канфлікт і справакаваць яго на бойку, каб высветліць яго фізічную падрыхтоўку. “Таму мы разумелі, што ў нас могуць быць праблемы”, – распавядае грамадзянская жонка памерлага Бажэна Жолудзь:

– Калі я вельмі моцна на яго раззлавалася ў адзін дзень, ён мне прызнаўся, што СБУ прапанавала яму так бы мовіць “лоўлю на жыўца”: ён бегае ў лесе, а яны сочаць. Таму што лес – гэта самае слабое месца. Я так разумею, што людзі, якія яму гэта прапанавалі, самі не былі гатовыя да таго, што такое можа здарыцца. То бок думалі, што будуць вывозіць. Мы быццам былі гатовыя да любога павароту падзеяў, але, на жаль, я не была гатовая. Нават у той дзень, калі яго знайшлі  (яго знайшлі зранку, а я яшчэ не ведала пра гэта), я сядзела і казала пра тое, як яму перадаць перадачу.

Бажэна Жолудзь прыкладае ўсе намаганні, каб высветліць, што насамрэч адбылося з мужам падчас яго гібелі. Аднак на многія пытанні адказы і цяпер адсутнічаюць.

Беларускае Радыё Рацыя