Кацярына Ваданосава: Мы ехалі ў нікуды



Беларуская спявачка і паэтка Кацярына Ваданосава летам вымушана была з сям’ёй пакінуць Беларусь. Першы прыстанак — Вільня, але адтуль сям’я ўжо пару дзён як пераехала ў Кіеў.

Падчас знаходжання ў сталіцы Літвы Кацярына выступіла на курсах „Мова Нанова”, а таксама напісала верш, прысвечаны Вільні. Дом і Радзіма, туга і цяжкае стаўленне да рэчаіснасці.

Наша карэспандэнтка Ева Бардзілоўская сустрэлася з „Госць Рацыі” перад яе пераездам.

РР: Кацярына Ваданосава – паэтка, спявачка, гісторык, рамесніца. Ці ўсё я назвала?

– Здаецца ўсё. Зараз асноўная мая праца – гэта тэлевядоўца, напэўна так.

РР: Гэта апошні дзень, калі вы ў Вільні? Вы пераязджаеце ва Украіну?

– Амаль два месяцы, калі не памыляюся, мы прыехалі сюды 7-га жніўня.

РР: Чаму вы абралі Украіну?

– Таму, што там праца. Мне прапанавалі там працаваць, усё вельмі проста. Тут нават не ў тым справа, што мы разглядалі Вільню, як нейкае часовае месца жыхарства, проста ў Вільні я амаль нікога не ведала. Думала, справядліва думала, што тут будзе цяжкавата знайсці за што жыць, за што гадаваць дзяцей. Таму калі запрасілі ва Украіну на працу, то канешне ж я згадзілася. Шчыра кажучы Вільню люблю ўсім сэрцам. Гэта на першых парах было цяжкавата таму, што да гэтага цяжка сніцца Радзіма, дом, тое, што мы пакінулі там. Але калі сыдзе туга і цяжкае стаўленне да рэчаіснасці, тады канешне я буду вельмі сумаваць па Вільні. 

РР: Калі пераязджаеш, то ўсё адрозніваецца, з’яўляюцца бытавыя праблемы.

– Калі мы толькі прыехалі, то знаёмыя засялілі нас у хостэл, знайшлі нам жытло, не за бясплатна канешне. Мы ім вельмі ўдзячныя, бо мы ехалі ў нікуды, як і ўсе. Гэта было паўсутарэнне такое, дзе вокны былі на ўзроўні травы. Я ўпершыню бачыла, як па вокнах жытла, месца дзе жывуць людзі, поўзаюць смаўжы. Яны пакідаюць сляды на шыбах крышку вільготныя, сляды сваёй жыццядзейнасці і перасоўванняў. Гэта было для мяне не тое, каб сімвалам майго знаходжання, але вельмі моцна знітавалася з першымі днямі ў Вільні. Зразумела, што не пра тое, што Вільня такая дрэнная. Я ўпэўненая, што любое месца ў якім бы я апынулася ў той момант, у тым эмацыйным і ў тым матэрыяльным стане, то якім цудоўным, маляўнічым, багатым на гісторыю яно не было, яно ўсё роўна выклікала ў ва мне вельмі супярэчлівыя і ў асноўным негатыўныя пачуцці. Потым з цягам часу гэту ўсё крышку скасоўваецца, сцішаецца, становіцца лягчэй. Але тады мне было не столькі з-за Вільні, колькі з-за таго, што ўсё засталося. Мне зараз 35-ць і па сутнасці атрымалася так, што 35-ць гадоў проста трэба было выкінуць і пачынаць жыццё наноў. 

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя