На Падляшшы працуюць больш за 20 тысяч іншаземцаў
Няспынна павялічваецца колькасць іншаземцаў, якія легальна працуюць у Польшчы. Прадпрыемства па сацыяльным страхаванні ZUS інфармуе, што цяпер у краіне працуе больш за 833 тысяч іншаземцаў. У 2008 годзе было 65 тысяч легальна працуючых замежнікаў. Гэта павелічэнне ў 13 разоў.
– Найбольшы рост прыкметны сярод грамадзян Украіны. За амаль 13 гадоў іх колькасць павялічылася ў 37 разоў, з 16,4 тысячы на канец 2008 года – да 609,3 тысячы на канец жніўня 2021 года. Застрахаваныя беларусы – вельмі вялікая група, асабліва ў нашым рэгіёне. За той жа перыяд іх колькасць вырасла з 4200 – да больш чым 62 200 чалавек, – паведамляе прэс-сакратар Упраўлення сацыяльнага страхавання Падляшскага ваяводства Катажына Крупіцка.
Сярод легальна працуючых замежнікаў – 20 тысяч жывуць у Падляшскім ваяводстве. Пераважна гэта асобы, якія прыехалі з-за ўсходняй мяжы Польшчы. Найбольш на Падляшшы грамадзян Беларусі – 8 400 чалавек, за імі – украінцы, якіх 8 200.
Філіял у Беластоку зарэгістраваў для страхавання 67 нацыянальнасцяў. Найменшыя групы – гэта грамадзяне Таджыкістана, Манголіі, Марока ды іншыя. Большасць іншаземцаў маюць так званую umowu o pracę. Найбольшая колькасць іншаземцаў працуе ў сферы будаўніцтва і транспарту. У гэтую статыстыку не ўваходзяць тыя асобы, якія працуюць без сацыяльнага страхавання.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: umowaodzielo.pl