Алена Лапцёнак: „Вясна” знаходзіцца пад вялікім ударам
Кіраўнік праваабарончага цэнтру „Вясна”, палітвязень Алесь Бяляцкі ўсё сваё жыццё прысвяціў адраджэнню беларускай Беларусі і змаганню за правы чалавека.
„Госць Рацыі” сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Алена Лапцёнак пра Алеся Бяляцкага:
– З Алесем я знаёмая больш за 30-ць гадоў, калі ўпершыню прыйшла на працу на пятым курсе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту навуковым супрацоўнікам у Літаратурны музей Максіма Багдановіча. Пра Алеся, як пра кіраўніка магу сказаць, што гэта самы найлепшы кіраўнік, якога я ведаю. Нягледзячы на тое, што іншых не ведаю, не працавала, але мы ж усе бачым, што навокал робіцца. Ёсць сябры, знаёмыя, якія распавядаюць, як у іх на працы, якая атмасфера. Алесь менеджар вельмі высокага ўзроўню.
РР: Што вы можаце сказаць пра яго, як пра чалавека?
– Не хацелася б, каб Алесь выглядаў святым, але зноў-такі толькі самае станоўчае. Усе тыя якасці, якія я ведаю, у кожнага з нас ёсць маленькія недахопы, мы ўсе людзі. Але калі гэтыя недахопы настолькі мізэрныя ў параўнанні з тымі найлепшымі якасцямі, то ты іх сапраўды не заўважаеш. Ведаючы чалавека столькі гадоў, магу сказаць, што ён, па-першае, заўсёды вытрыманы, вельмі арганізаваны, вельмі самаадданы, мэтанакіраваны. Чалавек, які стаіць на нацыянальных каштоўнасцях у першую чаргу і гэтым кіруецца ў сваім жыцці, таму нічога кепскага сказаць не магу.
РР: Якія рысы яго характару прывабныя і маглі быць прыкладам?
– Фактычна я іх пералічыла. Найперш гэта мэтанакіраванасць, спакойны, ураўнаважаны характар, вытрымка. Чалавек, які заўсёды ўзважвае, што сказаць, як сказаць. Мне здаецца, што ў першую адседку турма яго толькі загартавала, хоць гэта вялікае выпрабаванне, але той вопыт, які ён атрымаў, для праваабаронцы сапраўды, як ён казаў, гэта камандзіроўка і пашырыла ягоны досвед. Безумоўна тое, што атрымалася цяпер, вось гэтая беларуская сітуацыя, калі пад пераслед трапілі тысячы, а не як тады, сядзеў адзін, калі фактычна ўся „Вясна” знаходзіцца пад вялікім ударам. Вельмі сумна пра гэта думаць, пра тых сяброў, якія зараз у турме. Хоць я ведаю, што Алесь ішоў на гэта зноў такі ўзважыўшы гэты крок.
РР: Што было лепш, з’ехаць, каб захаваць арганізацыю ці вось такі выбар?
– Мне цяжка сказаць таму, што я думаю, што гэта было даволі ўзважанае рашэнне для яго. Безумоўна мне б хацелася, каб арганізацыя захавалася менавіта ў тым фармаце, у якім яна была. Тое, што сеў не толькі Алесь, а і Валянцін і Уладзь, іншыя сябры арганізацыі, якія зараз знаходзяцца ў турме. Суд над Леанідам Судаленкам. Безумоўна ў нас дастаткова рэгіянальных, вельмі кваліфікаваных сяброў, якія шмат гадоў звязаныя з праваабарончай дзейнасцю. Таму Мне хочацца верыць, што „Вясна” не прападзе. Магчыма Алесю было б лепей застацца на волі таму, што адзін тэрмін ён ужо адседзеў. Гэта быў выбар у іншай сітуацыі, мне падаецца, што калі б ён вырашыў з’ехаць, яго б зараз ніхто не асуджаў.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
З госцяй Радыё Рацыя Аленай Лапцёнак размаўляла карэспандэнт Аліна Андрыевіч.
Беларускае Радыё Рацыя