Хата з краю?



Залатая восень – пара прыгожая! Днямі прайшоў IX Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі ў літоўскім Коўне. У далёкім лістападзе 1939 года ў гэты горад прыехаў японскі дыпламат Чіунэ Сэмпо Сугіхара. Сярод яго працоўных абавязкаў было назіранне за манёўрамі нямецкага войска ўздоўж мяжы.

Мэтай было апавясціць японскі штаб пра нападзенне Германіі на СССР. Пасля анэксіі Літвы саветамі Сугіхара павінен быў тэрмінова пакінуць Коўна, але ён затрымліваўся так доўга, як мог… Сугіхара штампаваў візы габрэйскім бежанцам у Літве. І дапамог 6000 габрэям з Польшчы і Літвы атрымаць транзітныя японскія візы, без якіх яны не маглі выехаць на Далёкі Ўсход праз тэрыторыю СССР. Сугіхара рызыкаваў, выдаючы візы габрэям, без дазволу свайго кіраўніцтва. Час быў занадта каштоўным рэсурсам, каб чакаць афіцыйны адказ з Токіо. Дарэчы, ён прыйшоў праз 9 дзён з Міністэрства замежных справаў Японіі – гэта была адмова. Сугіхара і не чакаў афіцыйную паперу – ратаваў людзей. Ён спакойна мог (і павінен быў) з’ехаць. Нічога асабістага – праца дыпламата і чыноўніка… Сугіхара, безумоўна, сеў у свой цягнік на Берлін і з’ехаў, але да апошняга штампаваў візы, а перад ад’ездам, праз акно цягніка перадаў консульскі штамп габрэйскім бежанцам. Дыпламат пражыў доўгае жыццё, зрабіў паспяховую кар’еру, стаў “Праведнікам народаў свету”, але важней іншае. Ён зрабіў тое, што мог і павінен быў. У патрэбны момант. Прафесійна. Уратаваў ад гетта і печаў усіх, каго змог.

Глядзіш на некаторыя твары ў навіновай хроніцы і думаеш: “Што ў іх у галаве? Дзе іх кланавалі? У чым фішка?” Хтосьці можа сказаць, што нічога асабістага – гэта толькі праца! Праца палітыка, чыноўніка, дыпламата… Так, нічога асабістага. Рэпрэсіі фонам. Не з іх роднымі… не з імі… Не сёння.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ