Аляксандр Класкоўскі: Улады Беларусі крыміналізавалі прафесійную дзейнасць журналістаў



Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі ў эфіры нашага радыё распавёў Уладу Грынеўскаму, чым справа Мажэйкі падобная на справу Кацярыны Барысевіч і ці можа здарыцца кнфлікт паміж Лукашэнкам і Крамлём з-за сітуацыі з „Камсамольскай праўдай у Беларусі”. 

– З таго, што сказаў Пяскоў, прэс-сакратар Пуціна, можна зрабіць выснову, што Крэмль калі не скамандаваў закрыць свой філіял у Беларусі, то надта не пераймаецца з гэтай нагоды, змірыўся і фактычна адкруціў назад, таму што той самы Пяскоў некалькі дзён таму грозна заяўляў, што мы патарабуем разблакавання сайта «Камсамольскай праўды ў Беларусі», што гэта наступ на свабоду слова. Тады адразу асабіста ў мяне гэта выклікала іронію, мы ведаем, якія ў Крамлі змагары за свабоду слова: там гэтак жа душаць непадкантрольную неўпадабаную прэсу, як і беларускія ўлады. Прычым медыйная палітыка Масквы, тамтэйшых уладаў апошнія месяцы, мне здаецца, стала больш жорсткай, і яны пераймаюць пэўныя практыкі беларускага рэжыму ў гэтай сферы. Таму тут абое рабое, і, я думаю, крамлёўская рыторыка была звязана не з тым, што яны такія змагары за свабоду слова, а з тым, што тут былі закранутыя амбіцыі «старэйшага брата». Я думаю, што галоўны рэдактар маскоўскай «Камсамолкі» Сунгоркін усё ўзважыў і зразумеў, што ўсё адно працаваць у Беларусі як след не дадуць, таму было прынята рашэнне ўвогуле закрыць беларускае прадстаўніцтва. А Крамлю яшчэ і лягчэй: няма выдання – няма праблемы.

– Вам не нагадвае справа Мажэйкі справу Кацярыны Барысевіч, якая напісалал пра тое, што Раман Бандарэнка не быў п’яны? Мне знаецца, паўтараецца гісторыя, калі журналіст напісаў праўду пра загінулага ў перастрэлцы з супрацоўнікам КДБ і яго пераследуюць за гэта.

– Так, я згодны, беларускія ўлады крыміналізавалі прафесійную дзейнасць журналістаў. Я яшчэ магу дадаць, што дзве журналісткі Белсата – Чульцова і Андрэева – былі таксама фактычна за сваю прафесійную дзейнасць асуджаныя. Але насамрэч зразумела, што яны проста рабілі сваю справу. Але беларускім уладам не падабаецца, што менавіта незалежная прэса, цяпер ад яе ў Беларусі амаль нічога не засталося, асвятляла пратэсты, паказвала ўсё так, як ёсць. «Камсамолку» можа і не чапалі да гэтага, таму што быў піетэт перад Масквой, а тут вырашылі, што няма чаго цырымоніцца. Журналіст Мажэйка патрапіў пад раздачу, бо ён рэтрансляваў выказванне, якое ў трактоўцы ўладаў з’яўляецца сакралізацыяй тэрарыста і злачынцы.

– Расійскую пазіцыю па «Камсамолцы» агучвае Пяскоў, адпаведна, гэта пытанне выходзіць на высокі ўзровень. Ці можа гэта прывесці да чарговага канфлікта палітычнага паміж Беларуссю і Расеяй?

– Цяпер ужо не, я думаю. Хуценька замятуць гэты кейс пад дыван і пойдуць далей. Сунгоркін сваім рашэннем дапамог абодвум бакам.

Цалкам гутарку можна паслухаць у даданым аўдыёфайле: 

Беларускае Радыё Рацыя