У Берасці па “карагоднай справе” асудзілі яшчэ шэсць чалавек



У Берасці па “карагоднай справе”, за “актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”, асудзілі яшчэ 6 чалавек. Працэс праходзіў у судзе Маскоўскага раёна. Суддзя Марыя Аліферук абвясціла  наступныя прысуды: палітвязень Алег Кулеш — 1 год і 7 месяцаў калоніі; Мікіта Дзімітрыеў — 2 гады «хіміі». Сяргей Кунцэвіч і Ганна Кашырскіх — 1,5 года «хіміі»; Таццяна Пякарская і Дзмітрый Макарэвіч — 1,5 года хатняй «хіміі».

13 верасня 2020 года ў Берасці ўдзельнікі вулічнай акцыі выйшлі на скрыжаванне, дзе спявалі песні і вадзілі карагоды. Іх разганялі вадамётам. Нядаўна Следчы камітэт заявіў, што фігурантамі “карагоднай” справы сталі 129 чалавек. У дачыненні да 104-х з іх расследаванне скончанае, асуджана 87 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя