Хто насамрэч разваліў “імперыю зла”?



Ва Украіне выйшаў знакавы дакументальны серыял пра апошнія тыдні існавання Савецкага Саюза. Назва тэлепраекта, без сумневаў, выклікае зубны скрыгат у імперцаў, затое ўздыме самаацэнку ўкраінцаў. Некалькі серый дакументальнага фільма “Як украінцы зруйнавалі імперыю зла” ў сукупнасці набралі сотні тысяч праглядаў на ютубе. Але ўражвае не колькасць праглядаў, а падыход стваральнікаў фільма, ад якога, можна сказаць, пачынаецца адлік новага этапу ва ўкраінскай кінадакументалістыцы. Калі раней аўтары стужак на гістарычную тэматыку часта стваралі прадукт у парадыгме антыкаланіяльнага супрацьстаяння, то цяпер, відавочна, украінцы не губляюць сілы на бессэнсоўныя доказы сваёй паўнавартаснасці. Яны засяродзіліся на стварэнні сваіх наратываў, якія дазваляюць па-новаму зірнуць на нядаўнюю гісторыю постсавецкіх краін.

Нават у самой эпатажнай назве серыяла “Як украінцы зруйнавалі імперыю зла” ёміста сфармулявана канцэпцыя фільма, падача фактаў у якім арганізаваная такім чынам, каб у гледача сапраўды не ўзнікала спакусы падумаць пра нясціпласць украінскіх стваральнікаў. Зрэшты, такі падыход сапраўды не надта далёкі ад гістарычнай праўды. Хоць лёс ГКЧП вырашаўся ў Маскве, дзе гераічныя грамадзяне супрацьстаялі хунце, менавіта ад пазіцыі Кіева залежыла, ці будзе існаваць дэспатычная камуністычная імперыя ўвогуле. Версія пра крытычную залежнасць метраполіі ад мясцовых уладаў саюзнай Украіны пацвярджаецца не толькі аналітычнымі запіскамі ЦРУ і высновамі польскіх інтэлектуалаў канца 1980-х, але і рэальнымі дзеяннямі вайсковага кіраўніцтва СССР, якое было гатовае развязаць на вуліцах украінскай сталіцы бойню, каб не дапусціць развалу дзяржавы. Але, як часта бывае ў гісторыі, самаму негатыўнаму сцэнару не ўдалося рэалізавацца дзякуючы збегу абставін (нечаканы бунт масквічоў) і асобам. На чале Украіны, хоць і стаялі савецкія наменклатурнікі, але яны ўжо ў першай палове 1991 года прыглядалі сябе ў якасці кіраўнікоў незалежнай дзяржавы. Украінцам пашанцавала, што кіраваў іх рэспублікай хітры і праўкраінскі Леанід Краўчук, які ў крытычны момант для ГКЧП адмовіўся выконваць распараджэнні Масквы. Пачатку вайсковай аперацыі супраць украінскіх незалежнікаў перашкодзіў блеф ад будучага міністра абароны Украіны Яўгена Марчука, які некалькі разоў напалохаў савецкіх ваенных рашучымі радыкаламі.

У серыяле “Як украінцы зруйнавалі імперыю зла”, дарэчы, развенчваецца некалькі міфаў пра перадумовы распаду СССР. Адзін з іх – той, што амерыканцы спалі і бачылі, як гэта хутчэй разваліць сваіх ідэалагічных апанентаў. У рэальнасці, як пераканаўча даводзяць аўтары фільму, Вашынгтон “спяваў ва ўнісон арыю з Гарбачовым”, імкнучыся пераканаць кіеўскіх незалежнікаў, што “свабода важней за незалежнасць”. Прамова Джорджа Буша-старэйшага перад дэпутатамі Вярхоўнае Рады нават атрымала іранічную назву “Катлета па-кіеўску” за тое, што амерыканскі аратар фактычна адмовіў украінцам у праве на незалежнасць, баючыся пераўтварэння СССР у аналаг ваюючай Югаславіі, толькі з ядзернымі боегалоўкамі.

Наяўнасць падобнага дакументальнага серыяла паказвае, што Украіна адбылася як дзяржава са сваёй незалежнай інфармацыйнай прасторай. Цяперашняй Беларусі крытычна не хапае аналагічных тэлепрадуктаў для фармавання беларусацэнтрычнай візіі гісторыі нашай краіны.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ